Пінскі актывіст дамагаецца адмены штрафу за «кантрабандныя» налепкі
Чарговую скаргу падаў у Брэсцкі абласны суд грамадскі дзеяч з Пінску Аляксандр Аўсеенка.
Ужо другі год ён спрабуе адстаяць свае правы ў розных інстанцыях. Летась, калі Аўсеенка вяртаўся з Украіны, мытнікі знайшлі ў яго некалькі налепак і ўлётак, якія тычыліся кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча.
На грамадскага дзеяча тады склалі пратакол за тое, што ён нібыта перавозіў праз мяжу тавар без мытнага афармлення. Таварам палічылі менавіта ўлёткі і налепкі. Пасля быў суд і паўтара мільёны штрафу.
З яго рашэннем Аўсеенка не пагадзіўся і пасля ўступлення ў сілу новага Адміністрацыйнага кодэксу, згодна з якім штрафы за такія парушэнні былі зніжаныя, зноў панёс сваю заяву да суддзяў.
На гэты раз штраф яму паменшылі больш чым на 600 тысяч рублёў, але далі яго згодна заканадаўству па-максімуму, у той час, калі да гэтага пакаранне было мінімальным. Скардзіцца Аўсеенка і на тое, што суд адбыўся нават без яго прысутнасці, перадае "Еўрапейскае радыё".