Людміла Атакулава пакараная штрафам у 25 базавых велічыняў (775 тысяч рублёў)
Судзьдзя суду Савецкага раёну Аксана Рэлява разгледзела два адміністрацыйныя пратаколы (за “Чарнобыльскі шлях” 26 красавіка і акцыю супраць скасаваньня ільготаў 20 траўня) на актывістку незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт" Людмілу Атакулаву і пакарала яе штрафам у 25 базавых велічыняў – 775 тысяч рублёў.
Людміла Атакулава была на занятках у той час, калі па яе прыйшлі міліцыянты. Яны патлумачылі, што ёй неабходна праехаць зь імі ў РУУС Савецкага раёну Менску. Толькі там Людміла даведалася, што яе абвінавачваюць ў тым, што яна стварыла калёну і арганізавала несанкцыянаванае шэсьце пасьля таго, як акцыя "Чарнобыльскі шлях" скончылася.
Таксама на Людмілу, адзіную сярод затрыманых падчас акцыі 20 траўня, склалі пратакол за арганізацыю несанкцыянаванага шэсьця. Варта сказаць, што акцыю 20 траўня супрацоўнікі міліцыі прадухілілі, так што шэсьця як такога не было. Людміла Атакулава пракаментавала Радыё Свабода: "Я ня ведаю, як гэта патлумачыць. Гэта вельмі дзіўна. Я не была нейкай адметнай асобай як падчас першай, гэтак і падчас другой акцыі. Але лёгіку ў дзеяньнях нашых спэцслужбаў шукаць не даводзіцца".
Сябры Людмілы прыйшлі да будынку суду, каб падтрымаць яе. Сярод іх быў былы кіраўнік "Маладога фронту" Павал Севярынец, Барыс Гарэцкі, Наста Палажанка, а таксама актывісты з рэгіёнаў. Павал Севярынец лічыць, што прэвэнтыўнае затрыманьне і асуджэньне Людмілы Атакулавай ёсьць спробай ўлады запалохаць моладзь, не дапусьціць сходу каля будынку суду Савецкага раёну 28 траўня, калі пачнецца суд над маладафронтаўцамі.