viasna on patreon

Гродна: абласны суд не задаволіў скаргі сябраў АГП

2014 2014-03-11T22:02:52+0300 2014-03-14T14:08:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/grodna-agp-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Удзельнікі выбарчага пікету на вуліцы Ажэжкі 7 лютага Аляксандра Васілевіч, Ежы Грыгенч і Руслан Кулявіч

Удзельнікі выбарчага пікету на вуліцы Ажэжкі 7 лютага Аляксандра Васілевіч, Ежы Грыгенч і Руслан Кулявіч

У Гродзенскім абласным судзе 11 сакавіка прайшоў разгляд скаргаў трох актывістаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі – Аляксандры Васілевіч, Ежы Грыгенчы і Ірыны Давідовіч. Усе яны імкнуліся аспрэчыць пастанову суддзі Алены Пятровай, якая пакарала партыйных актывістаў за правядзенне 7 лютага бягучага году нібыта несанкцыянаванага пікету вялікімі штрафамі. Суддзя абласнога суда Андрэй Кавальчук не стаў напружваць сябе дэталёвым разглядам сутнасці справы – на разгляд трох скаргаў яму хапіла ўсяго 15 хвілін.

Нагадаем, што 7 лютага ў цэнтры Гродна адбыўся перадвыбарчы пікет кандыдатаў ад АГП з удзелам старшыні партыі Анатоля Лябедзькі. Пазней на удзельнікаў пікету былі складзены пратаколы нібыта за адміністрацыйныя правапарушэнні – менавіта за тое, што паралельна з выбарчай агітацыяй сябры АГП збіралі подпісы супраць увядзення новай пошліны на аўтамабілі. Партыйныя актывісты лічаць, што яны нічога не парушылі, таму што прадстаўлялі афіцыйную пазіцыю сваёй партыі ў гэтым пытанні, а права на свабоду выказванняў ім гарантуе Канстытуцыя краіны. У выніку 12 лютага ў Ленінскім РАУСе сябры АГП былі асуджаныя да вялікіх штрафаў – у прыватнасці, Аляксандра Васілевіч і Ежы Грыгенча аштрафаваныя на 15 базавых велічыняў, Ірына Давідовіч з Іўя – на 10 базавых велічыняў.

Па словах старшыні гарадской арганізацыі АГП Аляксандры Васілевіч, яны маюць намер зараз аспрэчыць папярэднія рашэнні на імя старшыні абласнога суду.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства