У Гародні пройдуць Дні памяці ахвяраў таталітарных рэжымаў
У Гародні 26-29 траўня пройдуць мерапрыемствы, прысвечаныя Дням памяці ахвяраў таталітарных рэжымаў у Беларусі, паведамляе Хартыя’97.
Штодня з 26 па 29 траўня ў касцёлах і цэрквах Гародні будуць адбывацца набажэнствыпамяці ахвяраў таталітарных рэжымаў у Беларусі.
У панядзелак 28 траўня з удзелам грамадскасці горада і сяброў Гарадзенскай абласной асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій адбудзецца круглы стол на тэму “Ад беларусізацыі да Курапатаў”. Круглы стол пройдзе ў памяшканні Гарадзенскага гарадскога аддзялення Беларускага грамадскага аб’яднання “Таварыства Беларускай Школы” (вул. Будзёнага 48а-44), пачатак а 18-й гадзіне.
Штодня падчас правядзення Дзён памяці ахвяраў удзельнікі мерапрыемстваў будуць запальваць свечкі ў месцах, звязаных з злачынствамі таталітарных рэжымаў
Мерапрыемствы праводзяцца ў межах года памяці, прысвечанага ахвярам палітычнага тэрору. Сёлета адзначаецца сумнае сямідзесяцігоддзе – у 1937 годзе разгул сталінскіх рэпрэсій дасягнуў піка. Беларуская дзяржава адмовілася стварыць аргкамітэт, каб годна ўшанаваць памяць ахвяр сталінізму.
Арганізатарамі Гарадзенскіх Дзён памяці ахвяраў таталітарных рэжымаў у Беларусі выступілі мясцовыя актывісты “”Руху За Свабоду”.