viasna on patreon

Орша: кандыдат не можа атрымаць з друкарні агітацыйныя ўлёткі

2014 2014-03-11T08:23:30+0300 2014-03-11T08:23:30+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vybary-2014-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Кандыдат у дэпутаты ад Партыі БНФ, аршанец Ігар Казмярчак ужо тыдзень не можа дамагчыся, каб яму належным чынам надрукавалі агітацыйныя ўлёткі. Тым часам ў Оршы з'яўляюцца ўлёткі іншых кандыдатаў – без выходных дадзеных.

Ігар Казмярчак спрабуе вырашыць праблему з улёткамі не першы дзень:

"Яшчэ 4 сакавіка я звярнуўся ў друкарню, каб замовіць улёткі. Спачатку мае матэрыялы прынялі, не было ніякіх праблем. Але праз колькі гадзін патэлефанавалі з друкарні і сказалі, што дазвол на друкаванне яны мусяць атрымаць ад райвыканкаму. Патэлефанаваў у Віцебскую абласную выбарчую камісію, там доўга раіліся, але ўрэшце прызналі, што заканадаўствам ніякія дазволы не прадугледжаны. Схадзіў у Аршанскі райвыканкам, там паабяцалі разабрацца. Але праблема не вырашылася нават пасля таго, як мы з іншымі кандыдатамі звярнуліся да старшыні раённай выбарчай камісіі. І старшыня пацьвердзіў, што супрацоўнікі друкарні парушаюць заканадаўства, патрабуючы нейкіх дадатковых "дазволаў". Паабяцаў асабіста паспрыяць вырашэнню праблемы".

Але і да сёння ўлёткі не надрукаваныя. 10 сакавіка Ігар Казмярчак патэлефанаваў у друкарню, калі ж забіраць агітацыйныя матэрыялы. Бо грошы за друк ужо даўно пералічаны, а выніку няма. Але нават адказ удалося атрымаць не з першай спробы.

"Тэлефанаваў я некалькі разоў, бо прасілі пазней і пазней. А ў выніку паведамілі, што друкаванне адкладаецца. Што, маўляў, друкарня перагружаная працай, і што спачатку яны надрукуюць усе па замовах камісій, а потым ужо дойдуць да замоваў кандыдатаў. Хачу нагадаць, што грошы за друк я пералічыў яшчэ 6 сакавіка. А ўлёткі, як мне сказалі, атрымаю не раней яза 13 сакавіка. І тое напэўна мне нічога не паабяцалі", -- распавёў Ігар Казмярчак.

Як вынікае са слоў работнікаў друкарні, яны "прытармазілі" замовы ўсіх прыватных асоб. Таму агітацыйная кампанія з улёткамі, відавочна, будзе вельмі непрацяглая і распачнецца на самым апошнім перадвыбарчым этапе. Аднак гэта задавальняе не ўсіх. А кагосьці падштурхоўвае і на парушэнне закону. Так, у Оршы былі заўважаны ўлёткі аднаго з кандыдатаў ад КПБ без выходных дадзеных – надрукаваныя саматужна. З гэтай нагоды ўжо рыхтуюцца заявя ў выбарчую камісію і ў пракуратуру.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства