Сэнат Польшчы патрабуе спыніць перасьлед актывістаў «Маладога Фронта»
Камісія ў правах чалавека польскага Сэнату заклікала беларускія ўлады спыніць перасьлед актывістаў “Маладога фронту”. Паводле сэнатараў, калі актывістаў асудзяць, то судзьдзяў, якія гэта ўчыняць, могуць чакаць санкцыі – забарона на ўезд на тэрыторыю Польшчы і Эўразьвязу, паведамляе Хартыя 97.
У прынятай аднагалосна ўхвале Камісіі гаворыцца, што рэпрэсіі супраць актывістаў “Маладога фронту” – гэта парушэньне правоў чалавека, а прычына працэсу над імі, які пачнецца ў панядзелак, – палітычная помста беларускіх уладаў маладафронтаўцам за “пашырэньне дэмакратычных ідэяў”.
“Арышты і прысуды па 2–3 гады для людзей ў сытуацыі, калі яны афіцыйна тры разы спрабавалі зарэгістраваць сваю арганізацыю, а ім адмаўлялі, гэта скандал. Гэта парушэньне Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека. Беларусь ратыфікавала Дэклярацыю і Міжнародны пакт аб палітычных і грамадзянскіх правах і абавязаная іх датрымлівацца. Мы хочам нагадаць пра гэта беларускім уладам”, -- паведаміў “Радыё Свабода” старшыня Камісіі сэнатар Збігнеў Рамашэўскі.
Сэнатары заклікалі беларускія ўлады спыніць перасьлед актывістаў “Маладога фронту”. Хоць гэта не ў кампэтэнцыі Сэнату, але, паводле Зьбігнева Рамашэўскага, у адваротным выпадку сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Польшчы і Эўразьвязу павінен быць пашыраны.
“Я лічу, што і адпаведныя эўразьвязаўскія ворганы і польскія, будуць намагацца зрабіць гэта. Рашэньне аб забароне на ўезд беларускіх чыноўнікаў на тэрыторыю Эўразьвязу ўжо ёсьць, толькі застаецца пытаньне пашырэньня гэтага сьпісу”, -- паведаміў Рамашэўскі.
Беларускамоўная вэрсія тэксту ўхвалы Камісіі правоў чалавека Сэнату знаходзіцца на інтэрнэт-старонцы www.reakcya.eu