Адбылася прэсавая канфэрэнцыя з вызваленым публіцыстам, былым лідэрам Маладога фронту Паўлам Севярынцам
23 траўня старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка прывітаў Паўла Севярынца на волі і ўручыў яму прэмію Партыі БНФ у намінацыі "Грамадзкая чыннасьць", ляўрэатам якой Павал нядаўна стаў.
"Два гады майго знаходжаньня ў вёсцы Малое Сітна не прайшлі для мяне дарэмна, - сказаў Павал Севярынец. - Я пабачыў сапраўдную Беларусь у вачах тых людзей, побач зь якімі там жыў. Я атрымаў 1480 лістоў ад людзей з розных куткоў Беларусі, наведаць якіх я зьбіраюся бліжэйшым часам. Каля 500 чалавек прыязджалі да мяне цягам майго знаходжаньня ў вёсцы Малое Сітна".
Афіцыйна Паўла Севярынца вызвалілі "за ўзорныя паводзіны". "Насамрэч, маё вызваленьне - гэта яшчэ адна праява прыкрай зьявы гандлю людзьмі, - заявіў Павал Севярынец на прэс-канфэрэнцыі, - рэжым вымушаны весьці перамовы з Захадам. У гэтых умовах ён мусіў вызваліць і мяне, і Мікалая Статкевіча".
Павал Севярынец падзяліўся сваімі плянамі на бліжэйшы час. Ён зьбіраецца актыўна займацца палітыкай у рамках кампаніі "За свабоду", дапамагаць Маладому фронту, які зараз знаходзіцца пад перасьледам, стварае адукацыйную ініцыятыву "Нацыянальнае абуджэньне", піша раман пра Беларусь.
"Мы рады вітаць Паўла Севярынца на волі, - кажа намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. - Ён сапраўды мужна прыняў выклік лёсу, не скарыўся й наадварот у месцы сваёй высылкі працягваў займацца тым, чым ён займаўся ўсё жыцьцё, - служэньнем беларускай справе, беларускаму Адраджэньню. Я перакананы, што вызваленьне Паўла станецца добрым падмацаваньнем нацыянальна-вызваленчым сілам, якія ёсьць авангардам барацьбы за незалежную Беларусь. Вызваліўшы Севярынца, рэжым Лукашэнкі наблізіў свой канец".