viasna on patreon

Бабруйск: Ад імя журналісткі рассылаюцца лісты з абразамі

2014 2014-03-04T12:37:52+0300 2014-03-04T12:37:52+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/internet.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Марына Малчанава, бабруйская журналістка, якая супрацоўнічае з незалежнымі выданнямі, даведалася, што ад яе імя рассылаюцца электронныя лісты з абразамі.

-Пра лісты мне паведаміла старшыня мясцовай суполкі "Гавары праўду" Алена Мядзведзева, - распавядае журналістка, - сказала, што я дасылаю паведамленні з абразамі на электронную пошту яе дачкі. Я папрасіла даслаць мне копіі гэтых лістоў...

У лістах, перасланых Марыне, пазначаны адрас marina_molchanova_1984@mail.ru. У іх сапраўды утрымліваюцца прамыя абразы ў бок Алены і Насці Мядзведзевых. Журналістка адразу размясціла гэты адрас у сацыяльных сетках, і патлумачыла, што аўтар паведамленняў не яна. "Да гэтага адрасу і да таго, хто з яго піша і падпісваецца маім імем, не маю ніякага дачынення! Не ведаю, хто гэта робіць, і навошта гэта каму спатрэбілася. Магчыма, нехта зможа падказаць, ці можна гэта спыніць ці даведацца, хто за гэтым стаіць?" - звярнулася Марына Малчанава да падпісчыкаў сваёй старонкі.

-Мне параілі напісаць заяву ў міліцыю, і, хутчэй за ўсё я так і зраблю. Зараз гэты мэйл заблакаваны, спадзяюся, нічога падобнага болей ад майго імя рассылацца не будзе. Пакуль на лісты з абразамі мне скардзіліся толькі Мядзведзевы, іншыя мясцовыя актывісты пра падобнае не заяўлялі, - адзначыла журналістка.

-Мне на пошту прыйшло два ліста з гэтага адрасу, - кажа Насця Мядзведзева. - Каму гэта можа быць патрэбна? Цяжка сказаць, але мама мяркуе, што гэта выхадкі спецслужбоўцаў...

Якую мэту пераследвалі аўтары "ліпавага" мэйла, ніхто пакуль зразумець не можа. Нагадаем, раней у Бабруйску здараліся выпадкі распаўсюду абразлівых улётак ананімнага аўтарства, у бок старшыні суполкі БХД Таісіі Кабанчук і старшыні суполкі РЭП Галіны Смірновай. Амаль два гады таму яны падавалі адпаведныя заявы ў міліцыю, але хуліганаў дасюль не знайшлі.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства