Супрацоўнікі КДБ працягваюць спробы вербоўкі моладзевых актывістаў
Пагрозамі выключэння з інстытутаў супрацоўнікі КДБ зноў спрабуюць вербаваць актыўную моладзь, якая адстойвае сваю грамадзянскую пазіцыю. Чарговай ахвярай псіхалагічнага ціску стаў Віталь Ціханавіч, студэнт 3-га курсу факультэта мастацтваў Інстытута сучасных ведаў (спецыяльнасць: мастацтва эстрады, прадзюсерская справа).
У сакавіку Віталь быў затрыманы і асуджаны на 3 сутак за распаўсюджванне друкаванай прадукцыі, якая інфармуе пра Дзень Волі 25 сакавіка.
Як звычайна, па ўжо добра адладжанай схеме, два чалавекі ў цывільным прыйшлі на факультэт, дзе вучыцца Віталь, запрасілі яго ў дэканат, а потым у асобны кабінет. Прадставіліся супрацоўнікамі КДБ. Супрацоўнічаць з органамі Віталь адмовіўся, але быў папярэджаны, што набліжаецца сесія, і яму “варта задумацца і не спяшацца з адказам”.
Далей пачаліся званкі на мабільны тэлефон Віталя: людзі, якія прадставіліся супрацоўнікамі КДБ, спрабавалі прызначыць сустрэчы. Чарговая адмова, відаць, іх вельмі знервавала, і з прычыны таго, што няма іншых рычагоў ціску, камітэтчыкі прыстрашылі выключэннем з інстытута.
“Гэта ўжо далёка не першы выпадак псіхалагічнага ціску на студэнтаў у выпадку адмовы супрацоўнічаць з Камітэтам дзяржаўнай бяспекі. – паведаміла прэс-цэнтру Хартыі’97 праваабаронца Ірына Тоўсцік. – Супрацоўнікі КДБ часта звяртаюцца да рознага роду распісак аб супрацоўніцтве, аб невыдаванні, каб яшчэ больш запалохаць чалавека, надаць нібыта важнасць такім нефармальным гутаркам, трымаць яго на вудзе. Законы ў нас яшчэ ніхто не адмяняў, таму рада праваабаронцы: не паддавацца на правакацыі. “Гутаркі па душах” з супрацоўнікамі КДБ і міліцыі, распіскі ў нефармальным становішчы людзям, якія любяць прадстаўляцца як Мікалай, Міхаіл і г.д., не прывядуць вас ні да чаго добрага. Існуе афіцыйны дакумент для выкліку ў праваахоўныя органы, у тым ліку і КДБ – позва”.