Сьвятлана Сачанка - выкладчыца беларускай мовы і дасьледчыца мовы твораў пісьменьніка эмігранта Масея Сяднёва - звольненая з працы
З 22 траўня высокаадукаваны сьпецыяліст Сьвятлана Сачанка, дачка вядомага беларускага пісьменьніка, публіцыста і ўкладальніка Барыса Сачанкі, беспрацоўная. Адміністрацыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту інфарматыкі і радыёэлектронікі, дзе яна працавала на палову стаўкі рэдактарам у рэдакцыйна-выдавецкім аддзеле, без тлумачэньня прычынаў адмовілася працягваць з ёй працоўны кантракт, які быў заключаны на год. Сьвятлана прасіла, каб ёй дазволілі папрацаваць яшчэ хаця б паўгады, бо жыве з хворай маці і ня мае іншых сродкаў да існаваньня. Яе заробку і так ледзьве хапала на ежу ды камунальныя плацяжы, а праца была досыць складанай і аб'ёмнай - рэдагаваньне літаратуры на рускай мове па дакладных навуках з матэматычнымі формуламі, у выніку чаго ў яе пагоршыўся зрок. Але знайсьці іншую працы, тым больш па сваёй сьпецыяльнасьці, Сьвятлана не змагла на працягу палутара гадоў, таму ўзрадавалася, калі знайшлося месца карэктара ў выдавецкім аддзеле БДУІР. Маючы вышэйшую ўніверсітэцкую філалагічную адукацыю, асьпірантуру за плячыма, праз нейкі час яна была пераведзеная на пасаду рэдактара, хаця марыла і марыць выкладаць і гаварыць толькі на роднай мове.
Паводзіны адміністрацыі ў адмове далей працаваць з ёй Сьвятлана зьвязвае з тым, што ў канцы мінулага году па запрашэньню Варшаўскага ўніверсітэту яна правяла там на стажыроўцы два месяцы, узяўшы адпачынак за свой кошт. Справа ў тым, што яшчэ ў 90-я гады, скончыўшы асьпірантуру, Сьявятлана абрала досыць новую і недасьледаваную тэму ў беларускім мовазнаўстве - мова твораў пісьменьніка беларускай эміграцыі Масея Сяднёва. У тыя часы, часы адлігі, у беларускую гісторыю, літаратуру, культуру вярталіся забытыя і забароненыя імёны творцаў, дзеячаў, якія ў савецкія часы былі рэпрэсаваныя альбо эмігравалі ад сталінскага зьнішчэьня, наноў прачытваліся творы вядомых аўтараў.
Нейкім чынам яе бацьку пісьменьніку Барысу Сачанку ўдалося сабраць цэлую бібліятэку яшчэ нядаўна “крамольнай” літаратуры, дасьледваць яе, укладаць кнігі. Ён пісаў пра невядомыя ці малавядомыя старонкі з жыцьця Янкі Купалы і Якуба Коласа, пра Францыска Скарыну і Доўнар-Запольскага, пра Казіміра Сваяка, пра драматычны лёс беларускай інтэлігенцыі. У 90-я гг. ён выдаў кнігу крытыкі і публіцыстыкі "Сьняцца сны аб Беларусі…", анталогію эмігранцкай беларускай паэзіі "Туга па Радзіме", зборнік успамінаў і дыялогаў "На суд гісторыі" і інш. Па сцэнарыю Барыса Сачанкі быў зьняты дакументальны фільм "Алесь Гарун". Як сказаў Уладзімер Арлоў, некалькі гадоў ён адзін працаваў як цэлы інстытут.
Вось у такой любові і пашане да роднага слова, да роднай мовы вырасла Сьвятлана. Яна абрала шлях беларускай філалогіі, але не пасьпела адбараніць дысертацыю па абранай тэме, цяпер жа творчасьць пісьменьнікаў-эмігрантаў, недасьледаваная тэма, у Беларусі зноў пад забаронай, як пад забаронай нацыянальная сімволіка і родная мова. Тым ня менш, дасьледваньнем мовы твораў Масея Сяднёва зацікавіліся ў Варшаўскім універсітэце і прапанавалі Сьвятлане Сачанка дапамогу - ступендыю для дапрацоўкі і абароны. Яна ўжо мае запрашэньне на канец гэтага году, засталося толькі дажыць да гэтага часу, бо сучаснай беларускай уладзе не патрэбныя Асобы, ёй патрэбныя марыянеткі.