viasna on patreon

Нас памянялі на гандлёвыя прэфэрэнцыі

2007 2007-05-22T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёньня ў Наваполацку і Мар'інай Горцы адбыліся выязныя паседжаньні судоў. На іх было прынята рашэньне аб умоўна- датэрміновым вызваленьні Мікалая Статкевіча і Паўла Севярынца. Палітыкі былі асуджаныя ў траўні 2005 г. на тры гады абмежаваньня свабоды "за арганізацыю вулічных дэманстрацый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму 2004 году" (год "зьела" амністыя).

На волю палітыкі мусілі выйсьці ў жніўні.

***

МЯНЕ АБМЯНЯЛІ НА ГАНДЛЁВЫЯ ПРЭФЭРЭНЦЫІ

«Наша Ніва»: Да Вас, абаіх, не датэлефанавацца. Столькі віншаваньняў?

Павал Севярынец: Так. Прыкладна за гадзіну пасьля сканчэньня суду ўжо было каля 15 тэлефанаваньняў. Пазванілі сябры з «Маладога фронту», маці, а таксама журналісты. Усе віншуюць звыхадам на волю.

Мікола Статкевіч: Тэлефанаваньняў сапраўды шмат – ад знаёмых журналістаў. У мяне, як на зло, садзіцца батарэя тэлефону, а я ўсё яшчэ не датэлефанаваўся да сям’і.

«НН»: Калі даведаліся, што могуць вызваліць?

ПС: Такія размовы вяліся яшчэ ад Новага году, але асаблівай канкрэтыкі звычайна не набывалі. Пра сёньняшні суд я даведаўся толькі ў пятніцу, калі да мяне дадому ў Віцебск прыходзіў міліцыянт, які сказаў, што ў яго добрыя навіны. Не падмануў.

МС: Намёкі пачаліся яшчэ ў пятніцу, але прызнаюся, што ўсё было досыць зьнянацку.

«НН»: Што сёньня адбывалася на судзе?

ПС: Падалося, што ўсё прайшло па даўно сплянаваным сцэнары. Паводле якога я мусіў выйсьці на волю. І пракурор, і судзьдзя адназначна палічылі, што тэрмін маёй «хіміі» мусіць быць скончаны. На мае рэплікі, што я лічу, што незаконна быў асуджаны, таму мне няма за што каяцца, яны папросту не рэагавалі. Прыдумалі трактоўку «за прыкладныя паводзіны». Такім чынам улады абыходзяць самімі ж прыдуманыя нормы.

МС: З Блоні мяне забралі літаральна за 20 хвілінаў да пачатку суду, які быў чыстай фармальнасьцю. Судзьдзя папросту зачытаў пастанову паводле якой я вызваляюся. Хіба што ў судзе было зашмат "гэбістаў", якія, мабыць, чакалі прыезду палітыкаў і журналістаў. Судзьдзя адзінае запыталася ў мяне: ці ня буду я супраціўляцца вызваленьню? Дзеля свайго старога бацькі адказаў, што ня буду. Больш пытаньняў не было.

«НН»: З чым Вы зьвязваеце гэтае вызваленьне?

ПС: Найперш зьвязваю з тым, што Беларусь ужо ў найбліжэйшы час можа страціць гандлёвыя прэфэрэнцыі з Эўрасаюзам. Таксама зьвязваю гэта зь нядаўняй сустрэчай намесьніцы кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Натальлі Пяткевіч з прадстаўніком Дзярждэпартамэнту ЗША Крамэрам. Пасьля гэтай сустрэчы ў Беларусі не пачалі ніводнай палітычнаматываванай крымінальнай справы і нават амаль нікога не пасадзілі на суткі. Лічу, што пачаўся нейкі гандаль з Эўропай, дзе палітзьняволеныя адыгрываюць важную ролю. Падаецца, што ўлады пайшлі на тое, каб вызваліць абсалютна ўсіх беларускіх палітвязьняў. Перакананы, што сьледам за мной зза кратаў выйдуць і Казулін, і Дашкевіч, і Фінькевіч, і Аўтуховіч і інш.

МС: Улада спрабуе такім чынам уратавацца. Відавочна, што мяне вызвалілі, каб ня страціць гандлёвыя прэфэрэнцыі. Ідзе сапраўдны гандаль людзьмі. У гэтым пляне Нігерыі яшчэ вельмі далёка да Беларусі.

«НН»: Зь якім пачуцьцём выходзіце на волю?

ПС: З досыць дваістым. Бо, натуральна, я выходжу на свабоду, якой чакаў ужо досыць вялікі тэрмін. З другога боку — разумею, што мяне абмянялі на гандлёвыя прэфэрэнцыі. Што мая свабода каштуе столькі мільёнаў даляраў. Раней патрабавалі пакаяньня, цяпер ня трэба і гэтага. Эканоміка, відаць, сапраўды прыціснула беларускую ўладу.

МС: Складаныя пачуцьці. У душы сядзіць нешта вельмі гадкае, а ня радаснае. Мне заставалася прабыць на «хіміі» два месяцы, якія я зьбіраўся адседзіць. Я не пісаў ніякіх просьбаў пра вызваленьне спадарыні Пяткевіч, бо лічу гэта ніжэй за ўласны гонар. Нас, як заложнікаў, спрабуюць вызваліць. Аднак трэба запомніць, што заложнікаў нельга выкупаць, бо ў такім выпадку будуць новыя закладнікі.

«НН»: На "хіміі" пасьпелі з усімі разьвітацца?

ПС: Так. Учора пайшоў на разьвітаньні зь людзьмі. Разьвітаўся зь імі вельмі цёпла і палюдзкі. Да многіх людзей сапраўды пасьпеў прывыкнуць, яны, спадзяюся, да мяне таксама. Пакінуў ім свае каардынаты, можа яшчэ з кім і пабачуся.

МС: Не. Я ня быў падрыхтаваны да вызваленьня. Проста ж у судзе мне аддалі пашпарт, хоць па ўсіх нормах мусілі адвесьці назад у камэндатуру, і ўжо там аддаць усе мае дакумэнты. Сёньня я яшчэ зьбіраюся заначаваць у Блоні, каб годна разьвітацца з тым людзьмі, зь якімі разам адбываў пакараньне.

«НН»: Што было найцяжэйшым падчас зьняволеньня?

ПС: Бачыць тое, што сёньня ўяўляе Полаччына. Яе дэградацыю праз «максімку», калгасны лад, прыніжаных людзей. Полаччына, якая мае 1000гадовую гісторыю, якая дала сьвету Скарыну і Эўфрасіньню заслугоўвае лепшай долі.

МС: Пачуцьцё несвабоды. Разуменьне, што тваім жыцьцём распараджаюцца іншыя. Хаця я хачу сказаць, што любой сытуацыяй можна кіраваць самому. Трэба проста з усімі кіравацца годнымі паводзінамі.

«НН»: Якія пляны на бліжэйшыя дні?

ПС: Зараз паеду да бацькоў ў Віцебск. Ужо ўвечары пляную паехаць у Менск, заўтра а 11:00 даю прэсканфэрэнцыю ва ўправе Партыі БНФ. На выходных пляную быць на Кангрэсе, а ў панядзелак — на судзе над «маладафронтаўцамі».

МС: Лічу, што гэтым вызваленьнем улада хоча, каб я ўдзельнічаў у ганебным Кангрэсе. Мы з Паўлам Севярынцам доўга раіліся, ці варта туды ісьці. Вырашылі, што пойдзем, але выкажым там сваю думку. 28 траўня абавязкова буду на судзе над «маладафронтаўцамі».

Гутарыў Зьміцер Панкавец

23 траўня аб 11-й на сядзібе БНФ адбудзецца прэс-канфэрэнцыя Паўла Севярынца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства