viasna on patreon

Мінскі клуб “Арэна” закрыты за “несанкцыянаваныя мерапрыемствы”

2007 2007-05-22T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

21 траўня стала вядома, што мінскі клуб “Арэна” перапыніў сваю працу. Адмененыя некалькі канцэртаў. Дырэкцыя клубу адмаўляецца ад каментароў, паведаміла "Еўрапейскае радыё".

Арганізатары канцэртаў, якія мусілі адбыцца ў “Арэне” 21 і 22 траўня, аднагалосна сцвярджаюць, што прычыны, з якіх быў закрыты клуб, – ідэалагічныя. У прыватнасці, кажуць, што ўладам не спадабаўся канцэрт гуртоў Zet і IQ-48, які мусіў прайсці ў “Арэне” 14 траўня.

Камітэт па ідэалогіі Мінгарвыканкаму патрабаваў адмяніць імпрэзу. За некалькі гадзінаў да пачатку канцэрт гуртоў Zet і IQ-48 перанеслі ў клуб “Катакомбы”. Арганізатары імпрэзы, якая такі адбылася 14 траўня, былі затрыманыя на месцы яе правядзення. Пасля гэтага клуб “Катакомбы” быў вымушаны закрыцца на “рамонт”.

Нагадаем, гурт Zet увайшоў яшчэ ў самы першы “чорны спіс”, складзены амаль тры гады таму пасля аднаго з апазіцыйных канцэртаў на плошчы Бангалор.

Тое, што клуб “Арена” закрыты за арганізацыю мерапрыемстваў, несанкцыянаваных Мінгарвыканкамам, падцвердзілі ў Галоўным упраўленні ўнутраных спраў Мінгарвыканка:

Супрацоўніца ГУУС Мінгарвыканкама: “З прычыны парушэнняў дзейнага заканадаўства – там праходзілі несанкцыянаваныя мерапрыемствы – быў ініцыяваны зварот міліцыі ў райвыканкам, і райвыканкам вынес рашэнне пра яго закрыццё”.

22 траўня ў “Арэне” павінен быў адбыцца метал-фэст “Break the Silence”. Аднак яго арганізатары паведамілі “Еўрапейскаму радыё”, што канцэрта не будзе.

Арганізатар метал-фэсту “Break the Silence”: “Арэна” закрытая, метал-фэсту, да жалю, не будзе. Грошы за ўсе квіткі я ўжо вярнуў”.

21 траўня, у “Арэне” павінен быў адбыцца канцэрт расійскіх панк-гуртоў “Тараканы!” ды “Элизиум”. Аднак напярэдадні імпрэзы кіраўніцтва клуба параіла арганізатарам тэрмінова шукаць новае памяшканне. Канцэрт быў перанесены ў клуб “Юла”, але і там узніклі праблемы.

Арганізатар канцэрта гуртоў “Тараканы!” ды “Элизиум”: “Мы дамаўляліся на адну суму. Але раптам кошт арэнды клуба павялічыўся на 300 долараў. Гэтых грошай не хапала – у 16:00 мы былі гатовыя выплаціць паўтара мільёна.

Мы папрасілі ў іх 1 гадзіну, каб знайсці грошы, і тым часам адкрыць клуб і пусціць туды людзей, каб пачаўся канцэрт, цягам якога мы маглі б давезці тое, чаго не хапала. Тым больш, што ля клуба было каля 200 чалавек, якія жадалі набыць квіткі. На гэтым фоне 600 тысяч – смешная сума, 20 квіткоў.

Але нам сказалі: шукайце 600 тысяч, у вас паўгадзіны. Мы знайшлі грошы хвілін за 40, але тым часам арт-дырэктар, якому трэба было іх перадаць, сышоў наверх. Мяне наверх ахова ўжо не пусціла. Да жалю, арт-дырэктар не браў слухаўку, да яго немагчыма было датэлефанавацца”.

Гурт “Тараканы!” ўзяў свой ганарар і з’ехаў у Маскву, гурт “Элизиум” пакуль што знаходзіцца ў Мінску. Арганізатары, чые страты склалі некалькі тысячаў долараў, выбачаюцца перад тымі, хто набыў квіткі і не патрапіў на імпрэзу, і паціху вяртаюць грошы.

Па іх словах, сярод гледачоў, якія прыйшлі да клуба, былі нават такія, хто зразумеў сітуацыю і не запатрабаваў грошай за квіткі. А канцэрт гуртоў “Тараканы!” ды “Элизиум” абавязкова адбудзецца ў верасні. Але ўжо ў іншым клубе.

Вяртанне гурта Vicious Crusade, запланаванае ў клубе “Арэна” на 27 траўня, усё ж такі адбудзецца, – паведамілі нам у дырэкцыі клуба, – але пройдзе ціха.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства