viasna on patreon

Яраслаў Берніковіч пабыў кандыдатам у дэпутаты 4 гадзіны

2014 2014-02-20T16:59:25+0300 2014-02-20T16:59:25+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bernikovich-jaraslau-glybokaje.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

20 лютага ў 11 гадзін раённая выбарчая камісія ўручыла актывісту кампаніі "Гавары праўду" пасведчанне кандыдата ў дэпутаты Глыбоцкага райсавету. А ў 15 гадзін з камісіі патэлефанавалі з папярэджаннем, што ягоную рэгістрацыю анулююць.

Гэта здарыцца толькі заўтра, бо сёння камісію ўжо не збярэш на пасяджэнне, дзе мусяць ануляваць рэгістрацыю, кажа Яраслаў Берніковіч:

"Прычына для мяне стала сюрпрызам: аказваецца, подпісы за маё вылучэнне былі сабраны не ў той вёсцы. У Глыбоцкім раёне, сказалі ў камісіі, ёсць 2 вёскі з аднолькавай назвай Гірстуны. Адна – у Карабоўскім сельсавеце, за пару кіламетраў ад Высокага, дзе я жыву. Вёска Высокае – гэта таксама тая акруга, дзе я збіраўся балатавацца, і навакольныя вёскі туды ўваходзяць. Але ў камісіі кажуць, што гэта – не тыя Гірстуны, і што подпісы я мусіў збіраць у Гірстунах Удзелаўскага сельсавета. Я нават не ведаў, што там ёсць такая вёска, бо яна даўно не існуе, там няма насельнікаў!"

Актывіст дэманструе раённую газету "Весьнік Глыбоччыны" са спісам акругаў і населенымі пунктамі, якія ў іх уваходзяць. У Вярхнянскай акрузе №22 ёсць вёска Гірстуны, але без удакладнення, да каторага сельсавету яна адносіцца.

"Гэта недарацоўка тых, хто рыхтуе выбары, хто дзеліць акругі. Калі ёсць 2 вёскі з аднолькавымі назвамі, трэба ж пазначаць канкрэтна, якая маецца на ўвазе! У той вёсцы, пра якую гаворыць камісія, людзей нама. Нават сама вёска ёсць не на кожнай мапе. А там, дзе збіраліся подпісы, вёска жылая, мяне ведаюць. Аднак у выніку – 19 подпісаў прызнана несапраўднымі. Я падаваў у камісію 92 подпісы замест 75, каб быў запас. Але цяпер высветляецца, што мне ўжо двух подпісаў не хапае. Вось і падстава, каб не зарэгістраваць!", -- абураецца актывіст.

Дарэчы, Яраслаў Берніковіч збіраўся балатавацца і ў раённы і ў Віцебскі абласны саветы. Аднак і ў рэгістрацыі на кандыдата аблсавету яму было адмоўлена: на адным з падпісных аркушаў не было напісана слова "Глыбокае", і ўвесь аркуш "забракавалі", прызнаўшы ўсе подпісы на ім несапраўднымі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства