Бастуючым механізатарам пагражаюць звальненнем
Сёння ў сельскім кааператыве “Варняны” Астравецкага раёна Гарадзенскай вобласці другой дзень працягваецца страйк механізатараў. Працоўныя паведамілі прэс-цэнтру Хартыі’97, што сёння ў страйку ўдзельнічае ўсяго 24 чалавекі (учора адмаўляліся працаваць 43). Механізатарам пагражаюць звальненнем. Дні страйку залічваюцца як прагул. Раённыя службоўцы бяздзейнічаюць.
Сёння ўдзельнікаў страйку зноў наведаў начальнік кіравання сельскай гаспадаркай Астравецкага райвыканкама. Абяцаў разабрацца, але якіх-небудзь пэўных дзеянняў не распачаў.
“З 43 чалавек сёння не працуюць 24. Рознымі спосабамі на людзей уздзейнічаюць: каго просяць, камусьці пагражаюць. Хто слабанервны – здаецца. Сёння паведамілі, што тым, хто да 11 гадзін не выехалі працу, паставяць прагулы”, – паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 адзін з бастуючых механізатараў.
Механізатары сельскага кааператыва “Варняны” Астравецкага раёна Гарадзенскай вобласці ўчора абвясцілі страйк і адмовіліся выходзіць у поле. Пратэст выкліканы пазапраўнымі звальненнямі, нявыплатамі прэмій і зразаннямі зарплаты, якія практыкуе цяперашняе кіраўніцтва СПК “Варняны”.
Механізатары патрабуюць, каб старшыня кааператыва “Варняны” Уладзіслаў Рук напісаў заяву аб звальненні. Метады кіравання Рука механізатары лічаць пазапраўнымі. На іх думку, старшыня кааператыва не займаецца развіццём прадпрыемства, а аддае перавагу эканоміць сродкі за кошт зарплаты працоўных.