Мікалай Статкевіч таксама вызвалены ўмоўна-датэрмінова
Пра гэта стала вядома пасьля выязнога паседжаньня суду ў Марынай Горцы.
Як і Павал Севярынец Мікола Статкевіч быў асуджаны на два гады абмежаваньня свабоды "за арганізацыю вулічных дэманстрацыяў пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў і рэферэндуму 2004 году". Ад пачатку тэрмін палітык адбываў у Баранавічах, дзе жыве яго стары бацька, аднак затым быў пераведзены ў в.Блонь Пухавіцкага р-ну.
Вызваленьне аднаго палітвязьня – магчыма, выпадковасьць, вызваленьне дваіх – ужо тэндэнцыя.
Прапановы Менску Эўропе супрацоўнічаць зь Беларусьсю без усялякіх умоваў, толькі з геапалітычных меркаваньняў, належнага водгуку ў Эўразьвязе не знайшлі. Галоўную умову – вызваленьне вязьняў – абыйсьці не атрымліваецца. Юры Дракахруст з Радыё Свабоды разважае на тэму - "колькі каштуюць Севярынец і Статкевіч?"
Неабходнасьць супрацоўніцтва з Эўропай робіцца ўсё больш пільнай, пацьверджаньне таму – і падпісаньне канчатковай дамовы аб продажы “Белтрансгазу”, і ліхаманкавы пошук альтэрнатыўных крыніцаў энэргіі па ўсім сьвеце – ад Вэнэсуэлы да Ірану, і плянаванае скарачэньне ільготаў.
Грошы надта патрэбныя, а дзе іх узяць? З другога боку і з эўрапейскіх сталіцаў пасьля згоды Менску на адкрыцьцё прадстаўніцтва Эўракамісіі прагучала прынцыповая згода абмяркоўваць тыя праблемы, якія найбольш цікавяць Менск – энэргетычную бясьпека і транзыт. Але беларускі бок, як мелася на ўвазе, павінен зрабіць нейкія мінімальныя крокі, зрабіць жэст добрай волі.
Вось Менск такі жэст і робіць. Пры гэтым твар захоўваецца – Севярынцу і Статкевічу засталося паводле прысуду быць за кратамі літаральна пару месяцаў, так што, фармальна кажучы, беларускія ўлады як бы і нічога не саступаюць, і заходняму ціску не паддаюцца. З другога боку, людзі былі ў зьняволеньні, прычым людзі вядомыя, чые імёны на слыху, а цяпер – на волі. Жэст відавочны, крок зроблены.
Цяпер Менск будзе чакаць ад Эўропы адпаведнага перніка, чакаць, што прыхільнікі больш мяккага падыходу ў Эўропе будуць настойваць на тым, што беларускія ўлады такі пернік заслугоўваюць.
Менск зацікаўлены ў тым, каб расьцягнуць працэс выкананьня ўмоваў вызваленьня палітвязьняў як мага даўжэй і атрымліваць узнагароды за кожны крок на гэтым шляху.
У свой час Усходняя Нямеччына наладзіла з Заходняй своеасаблівы бізнэс, выпускаючы зьняволеных дысыдэнтаў з турмаў на Захад за памяркоўную суму за кожную галаву. Нешта падобнае хацеў бы наладзіць і сучасны Менск.
Адыход Беларусі ад прынцыпаў свабоды настолькі значны, што калі атрымліваць плату за кожны крок назад – хопіць надоўга. Іншая справа – ці захоча плаціць іншы бок. Але паколькі іншымі сродкамі дасягнуць хаця б якіх зьменаў у Беларусі ў Эўропы не атрымліваецца, то ўзьнікае пэўная спакуса проста купіць у беларускіх уладаў гэтыя зьмены.