viasna on patreon

22 траўня Вярхоўны суд Беларусі вынес вышэйшую меру пакараньня забойцу Аляксандру Сяргейчыку

2007 2007-05-22T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Аляксандар Сяргейчык прызнаны вінаватым у зьдзяйсненьні шэрагу цяжкіх і асоба цяжкіх злачынстваў, у прыватнасьці забойстваў, "з асобай жорсткасьцю, з мэтай схаваць іншае злачынства, з хуліганскіх матываў”.

Суд прызнаў яго вінаватым таксама у згвалтаваньні, крадзяжы маёмасьці, у тым ліку крадзяжы агнястрэльнай зброі, пазапраўным нашэньні, захоўваньні і перавозцы агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і прылад, а таксама ў зьдзяйсненьні шэрагу іншых злачынстваў.

Справа былога супрацоўніка міліцыі слухалася з 20 лютага на выязным паседжаньні калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага суду. Прысуд быў абвешчаны ў Гарадзенскім абласным судзе.

Як паведаміў БелаПАН, былы супрацоўнік праваахоўных органаў, пазбаўлены званьня "старэйшы лейтэнант міліцыі", асуджаны да вышэйшай меры пакараньня – растрэлу. Таксама ў яго будзе канфіскаваная маёмасьць.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч:

“Мы адзіная еўрапейская краіна, дзе выносіцца такі прысуд і выконваецца вышэйшая мера - сьмяротнае пакараньне. Замена сьмяротнага пакараньня пажыцьцёвым зьняволеньнем – страхоўка ад магчымых судовых памылак, не кажучы ўжо пра іншыя асьпекты – маральныя, этычныя, рэлігійныя...

Акрамя таго, як вядома, нашая судовая сістэма і сьледства далёка не дасканалыя. Згадаць, да прыкладу, што па справе віцебскага маньяка Міхасевіча было памылкова асуджана каля 12 чалавек, а адзін невінаваты нават быў растраляны. Калі пазьней Міхасевіч прызнаўся ва ўсіх злачынствах і паказаў усе месцы забойстваў, жыцьцё расстралянаму вярнуць ужо немагчыма. Любы абвінавачаны павінен мець магчымасьць абскардзіць прысуд, і правы чалавека павінны быць у кожнага: і ў забойцаў, і ў сумленных грамадзянаў, - на тое яны і правы. Тым больш што ахвярамі парушэньняў даволі часта бываюць людзі, якіх бараніць сапраўды цяжэй, бо яны ў меркваньні грамадзтва сволачы: бамжы, алкаголікі, прастытуткі і г.д. Але бараніць іх трэба, каб закон быў аднолькавы для ўсіх”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства