viasna on patreon

Быхаў: Сяргей Антонаў падаў скаргу ў акруговую выбарчую камісію

2014 2014-02-17T15:08:28+0300 2014-02-17T15:08:28+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/antonau-siargej-byhau-bnf.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сяргей Антонаў

Сяргей Антонаў

Прэтэндэнт у кандыдаты Магілёўскага аблсавета па Быхаўскай гарадской выбарчай акрузе №14 Сяргей Антонаў падаў скаргу ў акруговую выбарчую камісію Быхаўскай гарадской выбарчай акругі №14.

Прэтэндэнт у кандыдаты скардзіцца на факты неабгрунтаванага ціску на выбаршчыкаў, якія падпісаліся за яго вылучэнне ў якасці кандыдата ў дэпутаты Магілёўскага аблсавета, з боку сяброў акруговай камісіі, якія праводзяць праверку падпісных лістоў, а таксама з боку адміністрацыі ўстаноў, дзе працуюць падпісанты.

“Учора і сёння мне пастаянна тэлефануюць людзі, якія падпісаліся за маё вылучэнне ў якасці кандыдата ў дэпутаты Магілёўскага аблсавета і распавядаюць пра шматлікія факты не зусім адэкватных паводзінаў з боку сброў акруговай камісіі, якія ажыццяўляюць праверку подпісаў за маё вылучэнне, - распавядае Сяргей Антонаў. – Таксама ціснуць на людзей, якія падтрымалі маё вылучэнне ў якасці кандыдата, пачалі кіраўнікі арганізацый і ўстановаў, у якіх яны працуюць. Узнікае пытанне – адкуль яны даведаліся, хто і за каго паставіў свой подпіс? Усё гэта я выклаў у сваёй скарзе ў акруговую выбарчую камісію Быхаўскай гарадской выбарчай акругі №14”.

Па словах Сяргея Антонава, ён таксама патэлефанаваў і ў ЦВК, каб распавесці пра тое, як “сумленна” пачынаецца выбарчая кампанія ў горадзе Быхаве.

“Я патэлефанаваў у Цэнтрвыбаркам, каб распавесці пра тое, як своеасабліва праходзіць выбарчая кампанія ў Быхаве. Спачатку паразмаўляў з супрацоўніцай юрыдычна-прававога аддзела Кісялёвай Надзеяй Мікалаеўнай. Яна мяне ўважліва выслухала, сказала пра тое, што “мы ж не прысутнічалі пры фактах ціску” і параіла звярнуцца з адпаведнай скаргай у пракуратуру. Пасля я здолеў датэлефанавацца да сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка, які таксама мяне выслухаў, сказаў, што такога не павінна быць, і ён прыме маю інфармацыю да ведама”, - кажа Сяргей Антонаў.

Прэтэндэнт у кандыдаты пакуль не збіраецца падаваць скаргу ў пракуратуру. Па словах Сяргея Антонава, ёсць людзі, якія гатовыя пра аказаны на іх ціск распавесці публічна, аднак ён не хоча паставіць іх яшчэ ў болей рызыкоўнае становішча.

“У людзей ужо пачаліся праблемы на працы толькі з-за таго, што яны падпісаліся за маё вылучэнне ў якасці кандыдата. Калі ж яны пачнуць “выступаць”, ціск будзе яшчэ большы, а нічым рэальна я гэтым людзям дапамагчы не змагу”, - кажа прэтэндэнт у кандыдаты.

Быхаўскі пісьменнік і журналіст Сяргей Антонаў вылучаецца кандыдатам у дэпутаты Магілёўскага аблсавета шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў. Сяргей Антонаў - сябар Партыі БНФ, ён узначальвае Быхаўскую раённую арганізацыю Партыі БНФ і Руху БНФ “Адраджэньне”.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства