Марына Адамовіч накіравала адкрыты ліст кіраўнікам Ізраіля
Жонка палітычнага вязня Мікалая Статкевіча адрэагавала на словы амбасадара Ізраіля Іосіфа Шагала пра тое, што беларускія палітвязні – звычайныя крымінальнікі.
Пры гэтым амбасадар прадставіў свае словы як афіцыйную пазіцыю дзяржавы Ізраіль. Вось гэта і спрабуе высветліць Марына Адамовіч разам з сем’ямі беларускіх палітычных зняволеных, пакрыўджаных гэтымі словамі.
Марына Адамовіч:
- Рэагаваць на яго словы я б ніякім чынам не стала, але ён спаслаўся на тое, што выказваў афіцыйную пазіцыю дзяржавы Ізраіль. На гэта нельга было не адрэагаваць, бо гэта сапраўды светапоглядныя рэчы, і для мяне вельмі прынцыповыя, таму я напісала адкрыты ліст да кіраўнікоў гэтай дзяржавы і скіравала яго ў газету асацыяцыі рускамоўных журналістаў Ізраіля.
Таксама паведамленне было скіраванае да прэм’ер-міністра Ізраіля Беньяміна Нетаньяху з заклікам патлумачыць пазіцыю Ізраіля ў пытанні беларускіх палітвязняў. У лісце Марына Адамовіч адзначае, што яе муж Мікалай Статкевіч быў збіты і арыштаваны ў статусе кандыдата ў прэзідэнты. Amnesty International і міжнародная супольнасць прызналі яго вязнем сумлення, таму Марына Адамовіч звяртаецца з пытаннем: ці адлюстроўваюць словы Іосіфа Шагала афіцыйную пазіцыю Ізраіля?