Забудоўшчыкі Берасьця маюць намер падаць у суд на гарвыканкам
Некалькі сотняў берасьцейскіх сем’яў ня могуць пачаць будаўніцтва ўласнага жыльля, бо былых участкаў іх пазбавілі, а новых яны не атрымалі.
Амаль год таму берасьцейскія ўлады прынялі рашэньне, паводле якога будаўніцтва індывідуальных дамоў каля вёскі Новыя Задворцы паблізу Берасьця мусіць быць прыпыненая, а ў якасьці кампэнсацыі забудоўшчыкі атрымаюць участкі ў іншым месцы. Падставай для такога рашэньня сталася тое, што тэрыторыя каля Новых Задворцаў занятая невялікім лесам, які ў часе будаўнітцва будзе зьнішчаны.
Аднак новыя зямельныя ўчасткі забудоўшчыкі не атрымалі дагэтуль. Улады тлумачаць гэта тым, што вольных пляцовак для індывідуальнага будаўніцтва ў межах гораду ўжо няма, а каб скарыстацца тэрыторыямі навакольных вёсак, што ўвайшлі ў генэральны плян развіцьця Берасьця, трэба атрымаць згоду кіраўніка дзяржавы.
Паколькі Аляксандар Лукашэнка такога рашэньня не прыняў, забудоўшчыкі лічаць сябе падманутымі і маюць намер падаць у суд на Берасьцейскі гарвыканкам. Яны хочуць дамагчыся вяртаньня былых зямельных участкаў, тым больш, што ў падрыхтоўку да будаўніцтва людзі пасьпелі ўкласьці немалыя сродкі, паведаміла Радыё Свабода.