Кіраўнік Гомельскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ і праваабаронца Анатоль Паплаўны адмовіўся падпісаць дыскрымінацыйны працоўны кантракт
Анатоль Паплаўны працуе сьлесарам-інструмэнтальшчыкам 6-га разраду на Гомельскім заводзе пускавых рухавікоў імя П.Панамарэнкі. Па зьвестках Радыё Свабода, ён адмовіўся падпісаць загадзя падрыхтаваны дырэкцыяй працоўны кантракт, бо лічыць кантракт несправядлівым і дыскрымінацыйным.
Анатоль Паплаўны даслаў на імя дырэктара Аляксандра Ксяндзова заяву пра тое, што ён як сябра Беларускага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці мае права разам са сваімі прадстаўнікамі абмеркаваць спрэчныя пункты кантракту.
У прыватнасьці, актывіста не задавальняе кантракт на мінімальны гадавы тэрмін. З іншымі інструмэнтальшчыкамі дырэкцыя падпісвала кантракты звычайна на тры гады.
Да таго ж спадару Паплаўнаму прапануецца ня зьдзельна-прэміяльная аплата працы, а аклад з выплатай прэміі, памер якой вызначае адміністрацыя.
Спадар Паплаўны, як высакаклясны спэцыяліст, больш за тры гады працаваў на заводзе без кантракту. Перагляд працоўных дачыненьняў актывіст зьвязвае з тым, што прынес у цэх пачытаць газэту “Свабода”.
За гэта заводзкія ідэолягі праз камісію адміністрацыі Савецкага раёну Менску двойчы штрафавалі спадара Паплаўнага на 155 тысяч рублёў.
Аднак актывіст кожны раз аспрэчыў адміністрацыйны штраф у судзе.
Пасьля гэтага ад рабочага й запатрабавалі падпісаць кантракт.