viasna on patreon

Саюз беларускіх пісьменьнікаў распачаў укладаньне поўнага збору твораў Васіля Быкава

2007 2007-05-21T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пра гэта 18 траўня ў Вільні заявіў старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч: "Упершыню ў гісторыі Беларусі недзяржаўная арганізацыя апякуецца выданьнем поўнага збору твораў народнага творцы".

Сустрэча з Алесем Пашкевічам і галоўным рэдактарам часопісу "Дзеяслоў" Барысам Пятровічам праходзіла ў Віленскім беларускім Доме правоў чалавека. Спаткацца зь літаратарамі прыйшлі вядомыя віленскія беларусы, у тым ліку Алег Аблажэй, Алег Мінкін, Павал Саўчанка, паведаміла Радыё Рацыя.

Падчас сустрэчы Алесь Пашкевіч распавёў пра адкрыцьцё Віленскага аддзяленьня Саюзу беларускіх пісьменнікаў: "Нам удалося зарэгістраваць Саюз беларускіх пісьменьнікаў і ў Вільні. На сёньня хоць адзін саюз беларускіх пісьменьнікаў легальна існуе і ў Беларусі, і ў Эўрапейскім зьвязе, і ў стольнай Вільні. Гэта моцна не падабаецца генэралам ад літаратуры".

На думку Алеся Пашкевіча, дзяржаўныя беларускія выдавецтвы друкуюць толькі 15 адсоткаў ад усіх беларускіх выданьняў: "На сёньня нават чыноўнікі Міністэрства інфармацыі прызнаюцца: беларускіх кніг недзяржаўныя выдавецтвы выдаюць, калі браць з усяго беларускамоўнага кнігавыданьня, 80-85 адсоткаў".

Шэсьць тамоў твораў Васіля Быкава, што ўжо пабачылі сьвет, разам з нумарамі часопісу "Дзеяслоў" Алесь Пашкевіч і Барыс Пятровіч перадалі ў бібліятэку Віленскага беларускага Дому правоў чалавека.

Пашкевіч: "Вось гэтыя шэсьць тамоў адметныя многім, адметныя тым, што дзяржава не апякуецца гэтым выданьнем, больш таго, Міністэрства культуры й Міністэрства адукацыі адмовіліся бясплатна ўзяць гэтыя кнігі для распаўсюду па бібліятэках".

Алесь Пашкевіч падкрэсьліў, што збор твораў Васіля Быкава вызначаецца арыгінальнасьцю структуры.

Пашкевіч: "У аснову гэтых твораў пакладзены плян самога Васіля Ўладзімеравіча. Васіль Быкаў яшчэ пры жыцьці сплянаваў свой васьмітомнік і заплянаваў у першым томе свае апошнія па часе напісаньня творы. Якраз вось, пачынаючы з другой паловы 90-х гадоў, гэта творы, у якix не хрэстаматыйны, не традыцыйны Быкаў, а тыя аповесьці, што паказвалі погляд Быкава на сучасную Беларусь".

Паводле Алеся Пашкевіча, зьмясьціць усю творчую спадчыну Васіля Быкава ў васьмі заплянаваных тамах немагчыма, таму дадаткова да шасьці выдадзеных яшчэ восем тамоў збору твораў пісьменьніка чакаюць свайго выхаду ў сьвет.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства