Рэдактары брэсцкіх газет абмеркавалі з мясцовымі ўладамі ўмовы вулічнага распаўсюду
18 траўня рэдактары брэсцкіх рэгіянальных газет сустракаліся з кіраўніцтвам мясцовага гарвыканкама. Як паведаміла прэс-служба БАЖ, сустрэча была прысвечана пытанням распаўсюду друкаваных выданняў праз альтэрнатыўную сістэму, маецца на ўвазе вулічны гандаль газетамі. Удзел прынялі таксама прадстаўнікі “Белпошты”, “Белсаюздруку”, Ленінскага РАУС Брэста і ідэалагічных аддзелаў раённых адміністрацый.
Гэта звязана з тым, што апошнімі днямі супрацоўнікі міліцыі пачалі патрабаваць ад грамадскіх распаўсюднікаў наяўнасць афіцыйнага дазволу на такі гандаль.
Як паведаміў галоўны рэдактар газеты “Брестский курьер” Мікалай Аляксандраў, на сустрэчы з рэдактарамі патлумачылі гэтыя дзеянні тым, што 3 мая гарвыканкам стварыў адмысловую камісію па ўпарадкаванню вулічнага гандлю ў Брэсце.
Забараняць гандаль друкаванымі выданнямі ніхто не збіраецца: улады хочуць зрабіць яго больш цывілізаваным, – абвясціў намеснік старшыні гарвыканкаму Вячаслаў Хафізаў. У прыватнасці, прадстаўнікі гарвыканкаму прапануюць, каб месцы, дзе ажыццяўляюць гандаль грамадскія распаўсюднікі, былі належным чынам абсталяваныя, а самі распаўсюднікі мелі агульна прынятыя адзнакі (накідкі, кепкі) з адпаведным лагатыпам, рабочая назва якога – “Пресса Бреста”.
З гэтай мэтай рэдактарам газет рэкамендавана ўнесці свае прапановы ў праект новага палажэння аб грамадскіх распаўсюдніках, які зараз распрацоўваецца Брэсцкім гарвыканкамам. Праект мусіць быць падрыхтаваны ў бліжэйшыя дні, а на наступны тыдзень запланавана супольная сустрэча рэдактараў і прадстаўнікоў брэсцкіх уладаў з грамадскімі распаўсюднікамі.