Прысуд па адміністратыўнай справе Валянціне Палевіковай будзе абвешчаны ў 12 гадзін
Сёньня ў судзе Савецкага раёну Менску працягваецца суд над адной з заяўніц акцыі “Чарнобыльскі шлях-2007”, актывісткай Абя’днанай грамадзянскай партыі Валянцінай Палевіковай. Як стала вядома ПЦ “Вясна”, пасьля вывучэньня матэрыялаў судзьдзя Людміла Савасцян абвясьціла перапынак. Прысуд па адміністратыўнай справе (парушэнне грамадскага парадку падчас правядзення масавых мерапрыемстваў) будзе абвешчаны ў 12 гадзін.
Яе абвінавачваюць у тым, што падчас Чарнобыльскага шэсьця 26 красавіка дэманстранты выходзілі на праезжую частку вуліцы Сурганава. Валянціна Палевікова была адной з заяўнікаў акцыі “Чарнобыльскі шлях”.
У судзе Савецкага раёну знаходзіцца аналягічная справа актывіста Партыі БНФ Юрася Зяньковіча. Міліцыянты сёньня з раніцы затрымалі намесніка старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча і займаюцца вышукам прадстаўніка Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Анантоля Сідарэвіча. Яны таксама з’яўляліся заяўнікамі “Чарнобыльскага шляху”.