Родныя палітвязняў не вераць абяцанкам Лукашэнкі
“Магчымае вызваленне па амністыі напярэдадні хакейнага чэмпіянату мы не абмяркоўваем, бо не верым словам і абяцанням Аляксандра Лукашэнкі”, - гаворыць Марына Лобава, маці палітвязня, маладафронтаўца Эдуарда Лобава, які адбывае пакаранне ў Івацэвіцкай калоніі:
- У гэтым месяцы быў першы тэлефонны званок ад яго. Добра, што вялікія маразы ён перажыў нармальна і не захварэў. Я вельмі перажывала. Кожны дзень глядзела на градуснік са страхам. Дзякуй Богу, усё нармальна! Нічога новага пра сябе не расказваў. Больш цікавіўся тым, што ў нас дома адбываецца. Трымаецца нармальна, голас - бадзёры. Тэлефанаванні вельмі кароткія, таму няма магчымсці падрабязна пагаварыць пра ўсе падзеі.
Паводле звестак Праваабарочнага цэнтра “Вясна”, цяпер у Беларусі налічваецца 11 палітычных зняволеных. Сярод іх – лідар ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі, экс-кандыдат у прэзідэнты Мікола Статкевіч, ваўкавыскі прадпрымальнік і ветэран афганскай вайны Мікола Аўтуховіч ды іншыя.