У Менску разагналі акцыю моладзі супраць скасаваньня ільгот: ёсьць зьбітыя і затраманыя
20 траўня ў Менску а 17:00 на плошчы Бангалёр павінна была пачацца мірная акцыя пратэсту моладзі супраць адмены ільготаў на праезд. На пляцоўцы каля ўваходу ў Парк дружбы народаў сабралася каля 200 удзельнікаў акцыі. Пра гэта паведамляе "Наша ніва".
Парк быў ачэплены міліцыяй і супрацоўнікамі АМАП, якія не пускалі нікога ў парк. На плошчы Бангалёр без аніякай прычыны былі затрыманыя 7 удзельнікаў акцыі, сярод якіх сябры Партыі БНФ — Алесь Каліта, Андрусь Саротнік, Франак Вячорка, Андрусь Ігнатовіч, Андрусь Ігнатчык, Мікалай Якушаў, а таксама сябры Маладога фронту. Хлопцаў адвезьлі ў РАУС Савецкага раёну, дзе трымалі на працягу гадзіны. У гэты час 200 удзельнікаў акцыі рушылі да сквэру імя Янкі Купалы, дзе плянавалася зладзіць працяг акцыі з выступамі музыкаў. Па дарозе да сквэру яшчэ каля дзесятку хлопцаў і дзяўчат былі затрыманыя міліцыяй. Празь некаторы час іх выпусьцілі. Са сквэру імя Янкі Купалы удзельнікаў акцыі выціснулі супрацоўнікі АМАП. Пры гэтыя тым мінакам, якія хацелі трапіць у сквэр, паведамлялася, што ён замінаваны.
Працяг акцыі адыбыўся празь некаторы час на плошчы Незалежнасьці, дзе моладзь гуляла ў вясёлыя гульні, сьпявала песьні. Пасьля ўдзельнікі акцыі пашыхтаваліся ў калёну й пайшлі па праспэкце са словамі «Без квітка, бо ільготаў няма». Каля Камітэту дзяржаўнай бясьпекі калёну спынілі і разагналі амапаўцы, якія ехалі па праспэкце побач з удзельнікамі акцыі ў аўтазаках. Тады было вырашана прайсьці да Нямігі й там скончыць мерапрыемства. На вуліцы Гарадзкі вал яшчэ 12 чалавек былі затрыманыя. Праз гадзіну іх выпусьцілі.
Арганізатарамі акцыі ёсьць моладзь БНФ, Задзіночаньне беларускіх студэнтаў, Вольная моладзь, Малады фронт, БАМП, Грамадзянскі форум, МХСС Маладыя дэмакраты. Моладзь БНФ вырабіла майкі з надпісамі «Без квітка, бо ільготаў няма», картонныя заечыя вушы, якія сымбалізуюць бясплатны праезд. Усё гэта было выкарыстана падчас акцыі. Пправаабарронцы ўдакладняюць спіс затраманых.