viasna on patreon

Сябры і калегі!!! “Праваабарончы цэнтр “Вясна” зьвяртаецца да Вас з просьбай аказаць садзейнічаньне ў абароне арганізацыі.

2003 2003-09-17T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Шаноўныя сябры!

У Беларусі ліквідуецца адна з буйнейшых і ўплывовых праваабарончых арганізацыяў – Грамадзкае аб’яднаньне “Праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Сябры “Праваабарончага цэнтру “Вясна” зьвяртаюцца да Вас з просьбай аказаць садзейнічаньне ў абароне арганізацыі і даслаць лісты Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, Міністру юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь з тым, каб пасадзейнічаць адкліканьню зыска аб ліквідацыі аб’яднаньня. Таксама просім зьвярнуцца да Старшыні Вярхоўнага суда з заклікам не прымаць рашэньня аб ліквідацыі праваабарончай арганізацыі, улічваючы неістотнасьць і тэндэцыйнасьць заўваг, якія адлюставаныя ў зыскавай заяве Міністэрства юстыцыі.
Будзем Вам вельмі ўдзячныя за салідарнасьць і падтрымку.
Лісты просім Вас дасылаць на ўказаныя адрэсы, а таксама копію – у “Вясну” па электронным адрасе: viasna@spring96.org ці па тэл/факсе: +375 17 2310844

Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь
Рэспубліка Беларусь
220030 г. Мінск,
вул. К. Маркса, д.38.

Старшыні Палаты прадстаўнікоў
Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь
Рэспубліка Беларусь
220010 г. Мінск,
вул. Савецкая, д.11

Старшыні Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь
Рэспубліка Беларусь
220681 г. Мінск,
вул. Леніна, д.28

Міністру юстыцыі Рэспублікі Беларусь
Рэспубліка Беларусь
220004 г. Мінск,
вул. Калектарная, д.10

З павагай,
Старшыня Рады Грамадзкага аб’яднаньня “Праваабарончы цэнтр “Вясна” Алесь Бяляцкі

Інфармацыя.

02.09.2003 г. Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь пададзена зыскавая заява ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь аб ліквідацыі Грамадзкага аб’яднаньня “Праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Грамадзкае аб’яднаньне “Праваабарончы цэнтр “Вясна” мае нацыянальны статус і зьяўляецца адной з самых уплывовых праваабарончых арганізацыяў у Беларусі, дзейнасьць якой добра вядомая таксама і за межамі краіны.
У сваім зыску Міністэрства юстыцыі абвінавачвае аб’яднаньне ў парушэньнях, якія, безумоўна, нельга лічыць дастатковымі для ліквідацыі.
У адпаведнасьці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях”, падставай да ліквідацыі арганізацыі з’яўляецца наяўнасьць двух папярэджаньняў ад Міністэрства юстыцыі за адно і тое ж парушэньне на працягу году. Грамадзкае аб’яднаньне “Праваабарончы цэнтр “Вясна” з жніўня 2001 г. папярэджанняў з боку Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь не атрымлівала.
Асноўнымі падставамі для ліквідацыі Міністэрства юстыцыі называе парушэньні, якія нібыта мелі месца ў 1999 годзе пры рэгістрацыі аб’яднаньня. Выклікае здзіўленьне, што “парушэньні” былі выяўленыя толькі пасля 4–х гадоў дзейнасьці Грамадзкага аб’яднаньня “Праваабарончы цэнтр “Вясна” і некалькіх праверак, праведзеных Міністэрствам юстыцыі ў 2001-2002 гадах, якія не выявілі гэтых парушэньняў у дзейнасьці арганізацыі. Разам з тым у зыску аб ліквідацыі нічога не гаворыца пра вынікі апошняй праверкі дзейнасьці аб’яднаньня, якую праводзіла Міністэрства юстыцыі з сакавіка па верасень 2003 году.
Яшчэ адна з падставаў да ліквідацыі Праваабарончага цэнтру “Вясна”, якая ўказваецца ў зыску, -- прадстаўленьне ў судах інтарэсаў грамадзянаў Беларусі. Што тычыцца дадзенага абвінавачанньня, то Статут аб’яднаньня ў рэдакцыі 1999 году ўтрымліваў запіс, які дазваляў аказваць прававую, кансультацыйную і іншую дапамогу асобам, якія зьвярнуліся ў арганізацыю. Акрамя таго, Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь, які дзейнічаў да 2001 году, прадугледжваў інстытут грамадзкага абаронцы.
У зыску таксама гаворыцца пра выяўлены факт парушэньня аб’яднаньнем выбарчага заканадаўства ў 2001 годзе. Тут маецца на ўвазе Пастанова Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэферэндумаў, згодна з якой за дзень да выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2 тысячы назіральнікаў – сяброў Грамадзкага аб’яднаньня “Праваабарончы цэнтр “Вясна” – пазбавілі акрэдытацыі на выбарчых участках. У гэтай сітуацыі выклікае насьцярожанасьць цяперашняя ініцыятыва па ліквідацыі арганізацыі, якая пасьлядоўна ажыцьцяўляе назіраньне за выбарамі і праводзіць маніторынг выбарчых кампаніяў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства