viasna on patreon

Салігорск: Фармаванне ўчастковых выбарчых камісій адбываецца ў непразрыстых умовах

2014 2014-02-05T09:44:48+0300 2014-02-05T09:44:48+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/deputaty.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Доўгатэрміновы назіральнік ад БХК Леанід Мархотка кажа пра непразрыстасць выбарчага працэсу ў Салігорскім раёне. Да такой высновы ён прыйшоў пасля наведвання паседжання Салігорскага раённага выканаўчага камітэту па фармаванні ўчастковых выбарчых камісій, якое праходзіла раніцай 4 лютага і цягнулася літаральна 20 хвілін.

Паседжанне адкрыў старшыня выканкаму Аляксандр Рымашэўскі. Неўзабаве яго намеснік па ідэалагічнай працы Мікалай Маскевіч выступіў з адпаведным дакладам.

- Па сутнасці, аніякага фармавання камісіяў не было. Спадар Маскевіч прадэманстраваў вялікую папку з нібыта пратаколамі паседжанняў працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый і подпісамі грамадзян па вылучэнні сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі. Зачытваць хто, каго і на які ўчастак дэлегаваў галоўны ідэолаг раёну ня стаў, бо нібыта ўсе члены паседжання ўжо гэтыя дакументы бачылі. Пры гэтым больш ні ў кога на руках такіх тоўстых папак наўпрост не было, - кажа Леанід Мархотка.

Старшыня Салігорскага райвыканкаму Аляксандр Рымашэўскі ахарактарызаваў усіх вылучэнцаў, як людзей дасведчаных і добра спрактыкаваных у гэтай працы пад час мінулых выбарчых кампаніяў. У выніку адзінагалосным узняццём рук на 40 выбарчых акругах было ўтворана 67 участковых выбарчых камісіяў, у склад якіх на абсалютана безальтэрнатыўнай аснове ўвайшло 679 чалавек. Пры гэтым дзіўным чынам супала, што на кожны з 32 гарадскіх участкаў выявілі жаданне патрапіць роўна па 11 чалавек.

Хуткі аналіз складу камісіяў і ўласная інфармацыя мясцовых праваабаронцаў дазваляе канстатаваць, што апазіцыйныя структуры ды незалежныя самавылучэнцы гэты этап выбарчай кампаніі цалкам праігнаравалі. Партыйцаў сярод амаль сямі соцень членаў новаствораных камісіяў апынулася ўсяго толькі тры - і тыя ад праўладнай Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці. Цікава, што пад час абмеркавання тэхнічных момантаў Аляксандр Рымашэўскі выказаўся пра абраных членаў камісіяў як пра людзей новых ды выказаў думку пра неабходнасць правядзення адмысловых трэнінгаў па іх навучанні, хоць некалькімі хвілінамі раней называў вылучэнцаў дасведчанымі і спрактыкаванымі.

Зрэшты, увесь трагікамізм сітуацыі праявіўся пасля просьбы Леаніда Мархоткі азнаёміцца з пратаколамі паседжанняў працоўных калектываў, як таго патрабуе закладзены ў заканадаўства прынцып галоснасці і празрыстасці выбарчага працэсу. У гэты ж момант ідэолаг Масквіч схапіўся за папку з дакументамі, прыціснуў яе да грудзёў і некалькі разоў паўтарыў “Катэгарычна, не!”

- Я выказаў думку, што ў той папцы, мабыць, чыстыя лісты, бо больш ні ў кога з членаў паседжання копій дакументаў няма. Спадар Маскевіч на адлегласці ў некалькі метраў пачаў размахваць раскрытай папкай, пакуль сам Рымашэўскі не прыпыніў гэты балаган, - кажа Леанід Мархотка. - Зрэшты, старшыня выканкаму дазволу на прагляд дакументаў мне таксама ня даў, заявіўшы, што я магу скрасці дакументы. На мой аргумент аб маёй гатоўнасці азнаёміцца з імі ў любы зручны для іх дзень і час у прысутнасці міліцыянта з выканкамаўскай аховы ці любога выканкамаўскага работніка, было заяўлена, што міліцыянт “служыць”, а работнікаў для гэтага няма з-за трыццаці працэнтнага скарачэння кадраў у выканкаме.

На думку спадара Мархоткі, страх публічнасці па гэтым пытанні ва ўладаў звязаны з тым, што склад усіх участковых камісіяў быў створаны без рэальнага правядзення паседжанняў працоўных калектываў.

Доўгатэрміновы назіральнік лічыць, што правядзенне гэтага важнага этапу выбачай кампаніі адбываецца ў непразрыстых умовах і пры адсутнасці галоснасці, а працэс непасрэднага фармавання выбаркамаў называе таемным.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства