Суд над Валерыем Шчукіным пачнецца 6 чэрвеня
Судовы працэс па справе вядомага праваабаронцы і журналіста Валерыя Шчукіна пачнецца 6 чэрвеня, у 14.30 у судзе Першамайскага раёна Віцебска.
Валеры Шчукіна абвінавачваюць у абразе членаў Віцебскай абласной выбарчай камісіі і адначасова членаў акруговай камісіі №52 г. Віцебску. Пасля выбараў у мясцовыя Саветы, якія прайшлі ў Беларусі 14 студзеня 2007 года, праваабаронца распаўсюджваў улёткі, у якіх паведамлялася, што члены выбаркамаў удзельнічалі ў фальсіфікацыях вынікаў выбараў.
Як стала вядома, члены выбаркамаў не падавалі заяву з патрабаваннем узбудзіць супраць праваабаронцы крымінальную справу за "абразу". Крымінальныя справы былі ўзбуджаны па ініцыятыве пракурораў Чыгуначнага і Першамайскага раёнаў Віцебска.
Па словах Валерыя Шчукіна, пракуроры не мелі права ўзбуджаць крымінальнае справу. "Па гэтым артыкуле абавязкова наяўнасць заявы ад "абражаных" асобаў", -- лічыць праваабаронца.