viasna on patreon

Галасаваньне ў ААН – камэнтары палітыкаў

2007 2007-05-18T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Беларусь ня трапіла ў склад Рады ААН у правах чалавека. Як заявіў журналістам сталы прадстаўнік ЗША ў ААН Залмай Халілджад, “галасаваньне ў чацьвер стала выдатным знакам рэфармаваньня Рады правоў чалавека, якое так неабходна”.

Паводле амэрыканскага амбасадара ў ААН Залмая Халілджада,“у вачох усясьветнай супольнасьці выбары прадэманстравалі відавочны прагрэс Босьніі й Герцагавіны, якая ў сымпатыях да сябе апярэдзіла Беларусь”

“Я асабліва хачу падзякаваць сваім калегам за выбар не на карысьць Беларусі, якую называюць апошняй дыктатурай у Эўропе”, – падкрэсьліў у часе прэсавай канфэрэнцыі Халілджад.

Камэнтуючы вынікі галасаваньня, харвацкае выданьне Javno піша пра “перамогу заходніх краін, якія ў самы апошні момант пераканалі Босьнію выставіць сваю кандыдатуру і такім чынам супрацьстаяць уступу ў Раду ААН Беларусі”.

Амэрыканскае выданьне New York Times прыводзіць камэнтар Стыва Кроўшаў – прадстаўніка праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch, якая напярэдадні галасаваньня заклікала ўдзельнікаў Генасамблеі не аддаваць свае галасы за Беларусь.

“Парушальнікі правоў чалавека ня могуць быць сябрамі Рады. У Беларусі робіцца перасьлед апазыцыі, няма свабоды слова і прэзыдэнцкія выбары не былі абсалютна свабоднымі”, – заявіў Стыў Кроўшаў.

Як падае амэрыканскае выданьне, напярэдадні выбараў праваабаронцы Human Rights Watch неаднойчы выказвалі свае пратэсты супраць трох іншых кандыдатаў у Раду – Анголу, Эгіпет і Катар, называючы гэтыя краіны аўтарытарнымі рэжымамі, несумяшчальнымі з прадстаўніцтвам у міжнароднай праваабарончай структуры.Тым ня менш, у чацьвер ўсе тры краіны былі абраныя ў Раду ААН.

Сябра ПА РЭ швайцарскі палітык Андрэас Грос, які, дарэчы, паставіў свой подпіс пад зваротам ПА РЭ супраць абраньня Беларусі, ставіцца да сёньняшняга складу Рады ААН дастаткова крытычна. Ён лічыць, што ў гэтай праваабарончай структуры “хапае сяброў, якія яе дыскрэдытуюць”.

“Толькі павага да дэмакратыі і правоў чалавека можа выратаваць сёньня рэпутацыю Рады ААН. Яе склад, мякка кажучы, ня самы аптымальны. Нічога не застаецца, як узгадаць прымаўку: вучні не адразу становяцца майстрамі. Што да вынікаў галасаваньня па ўсходнеэўрапейскай групе, то я іх збольшага падтрымліваю. Я маю на ўвазе тое, што не прайшла Беларусь, дакладней, рэжым Лукашэнкі”, – заявіў Свабодзе Андрэас Грос.

Як падае брытанскае выданьне Monsters and Critics, пра сваю падтрымку Беларусі адкрыта заявіў сталы прадстаўнік Судану ў ААН Судану Абдалмахмуд Махамад. Ён заявіў, што адмыслова прыбыў у чацьвер на Генасамблею, каб аддаць свой голас за Беларусь. “Мы лічым, што лепш супрацоўніцтва, чым канфрантацыя. Калі вы супрацьстаіце Беларусі, гэта ніколькі не дапаможа правам чалавека ўвогуле”, – заявіў амбасадар краіны, якую многія праваабарончыя арганізацыі крытыкуюць за бясконцы генацыд у Дарфуры.

Што да прадстаўнікоў місіі Беларусі ў ААН, то яны пакуль не далі ніякіх афіцыйных камэнтароў адносна вынікаў учорашняга галасаваньня.

На пытаньне, на што разьлічвала беларуская дыпляматыя, калі прасоўвала сваю краіну менавіта ў Раду ААН у правах чалавека, Радыё Свабода папрасіла адказаць колішняга прадстаўнік беларускай місіі у Нью-Ёрку Генадзя Бураўкіна.

“Я думаю, што беларускія дыпляматы, безумоўна, ведалі, што вакол гэтай ініцыятывы будуць нейкія дыскусіі і нават дзеяньні, – кажа Бураўкін. – Тыя зь іх, каго я ведаю – гэта дастаткова разумныя, сур’ёзныя і дасьведчаныя людзі. Бясспрэчна, яны маглі прадбачыць, што будзе. Калі яны на гэта пайшлі, то я думаю, на штосьці разьлічвалі. Прадстаўлены два месцы, відаць, вялікага імкненьня, даруйце за фармулёўку, у праваабарончую Раду з гэтай групы не было... Напэўна рабіўся разьлік: мы туды пройдзем. Было спадзяваньне, што ня будзе канкурэнцыі, іншых кандыдатаў. А чаму менавіта гэтая Рады была абраная Менскам? Ну, думаю, для таго, каб пасьля можна было сьмела заяўляць: вы нас крытыкуеце за тое, што ў нас нядобра з правамі чалавека, а нас сама Арганізацыя Аб’яднаных Нацый уключыла ў Раду ў правах чалавека”.

У часе ўчорашняга паседжаньня Генэральнай Асамблеі Аб’яднаных Нацый былі абраныя 14 чарговых сяброў гэтага праваабарончага органу. Ва ўсходнеэўрапейскую групу трапілі Славенія ды Босьнія-Герцагавіна, якія ў чэрвені заменяць Чэхію і Польшчу. Змаганьне за месцы ва ўсходнеэўрапейскай сэкцыі праходзіла ў два туры. Калі Славенія набрала неабходную колькасьць галасоў у хадзе першага туру, то для Беларусі і Босьніі спатрэбілася паўторнае галасаваньне. У выніку Беларусь атрымала 72 галасы, Босьнія – 112.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства