viasna on patreon

Баранавіцкі райвыканкам засакрэціў інфармацыю пра пасяджэнне па стварэнні УВК

2014 2014-02-04T08:25:15+0300 2014-02-04T08:25:15+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/baranavichy-rajvykankamm.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Баранавіцкі райвыканкам засакрэціў інфармацыю пра выбарчы працэс. Да такой высновы прыйшоў праваабаронца Сяргей Гоўша, які імкнуўся 3 лютага атрымаць хоць-якую небудзь інфармацыю пра запланаванае пасяджэнне райвыканкама па стварэнні ўчастковых выбарчых камісій (УВК).

29 і 31 студзеня афіцыйная газета Баранавіцкага райвыканкама “Наш край” не давала аніякай інфармацыі пра магчымае пасяджэнне райвыканкама 3-га лютага па фарміраванні УВК. І на афіцыйным сайце райвыканкама не было аніякай інфармацыі пра пасяджэнне 3 лютага.

Таму праваабаронца Сяргей Гоўша вырашыў звярнуцца да адказных супрацоўнікаў райвыканкама з мэтаю атрымання інфармацыі пра час і месца запланаванага пасяджэння. Грамадскі актывіст размаўляў па тэлефоне з супрацоўнікамі ідэалагічнага аддзела, сакратаркай намесніка старшыні райвыканкама, але ніхто з іх нічога не ведаў пра магчымае пасяджэнне райвыканкама па стварэнні УВК. Усе суразмоўцы раілі праваабаронцу пагаварыць з адказным за выбарчы працэс Сяргеем Слівай, працоўны тэлефон якога ўвесь час не адказваў. Толькі каля 17.00 Сяргей Гоўша датэлефанаваўся да намесніка старшыні райвыканкама Сяргея Слівы, які катэгарычна адмовіўся паведаміць што-небуць пра магчымае пасяджэнне райвыканкама.

Ужо пасля размовы з намеснікам старшыні райвыканкама Сяргей Гоўша знайшоў на сайце Баранавіцкага райвыканкама інфармацыю, што райвыканкам сваім рашэннем ад 3 лютага № 83 стварыў 34 участковыя выбарчыя камісіі у Баранавіцкім раёне.

– Магчыма, што гэтага пасяджэння і не было. З уласнага вопыту ведаю, што такія пасяджэнні праводзяцца за некалькі хвілін. Таму ўладзе не патрэбныя вочы незалежных назіральнікаў, якія могуць зафіксаваць парушэнне заканадаўства. Відавочна, што Баранавіцкі райвыканкам сваечасова не інфармуе выбаршчыкаў, не прадастаўляе інфармацыю незалежным назіральнікам аб ходзе выбарчага працэсу. Лічу, што райвыканкам парушае арт. 65 Канстытуцыі і арт. 13 Выбарчага кодэксу, якія абвяшчаюць, што падрыхтоўка і правядзенне выбараў праводзяцца адкрыта і галосна, – адзначыў Сяргей Гоўша.

З інфармацыі, размешчанай на сайце райвыканкама, бачна, што прадстаўнікоў дэмакратычных арганізацый і партый у складзе раённых участковых камісій няма ніводнага. Як і на ранейшых выбарах, у склад камісій увайшлі прадстаўнікі БРСМ, Белай Русі, прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплекса, ГА ветэранаў, прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў і шляхам падачы заяў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства