Адкрыцьцё прадстаўніцтва Еўракамісіі зацягваецца
Канкрэтныя тэрміны адкрыцьця ў Менску прадстаўніцтва Эўрапейскай камісіі ўсё яшчэ ня вызначаныя, перамовы бакоў працягваюцца. Пра гэта 17 траўня паведаміў на брыфінгу прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў.
— Пазыцыя нашай краіны адносна гэтага пытаньня ўжо сфармулявана, — заявіў Папоў. — Мы абвесьцілі пра прынятае намі станоўчае рашэньне, што да акрыцьця ў Менску прадстаўніцтва Эўракамісіі. Таму, натуральна, гэтае пытаньне будзе вырашацца. Пра нейкія канкрэтныя тэрміны пакуль казаць рана. Гэта будзе прадметам кансультацыяў.
Андрэй Папоў пацьвердзіў інфармацыю пра тое, што адмысловы прадстаўнік міністра замежных справаў Беларусі Сяргей Гайдукевіч зараз знаходзіцца ў замежнай камандзіроўцы й вядзе перамовы з прадстаўнікамі эўраструктураў, паведамляе Радыё Рацыя.