Маладафронтавец зьехаў ад суду ў Чэхію
Адзін з абвінавачаных у справе «Маладога фронту» Аляксей Янушэўскі ўцёк зь Беларусі ў Чэхію. Зьехаў ён яшчэ 24 красавіка. Ехаў праз Расею, Украіну, Польшчу. Прыкладна тым самым шляхам, як Алесь Казакоў і Зьміцер Зубро, паведамляе "Наша ніва".
Цяпер Аляксей жыве ў Празе ў бацькі, які там працуе. Праўда, ужо найбліжэйшым часам давядзецца перасяліцца ў інтэрнат для ўцекачоў — гэта неабходная ўмова, каб атрымаць у Чэхіі прытулак. У выпадку, калі яго справа ў Беларусі скончыцца штрафам, ці ўмоўным пакараньнем Янушэўскі зьбіраецца вярнуцца на Радзіму.
Аляксей кажа, што рашэньне пра ўцёкі давалася досыць цяжка, хаця і з разуменьнем, што іншага выйсьця няма. «Зьехаў не празь сябе, я не зьбіраюся апраўдвацца, зьехаў праз «Малады фронт». Бо ў турме я рабіць тое, што я раблю тут, ня меў бы магчымасьці. Хаця, калі б мне, напрыклад, сказалі, што будзе дакладна палова году, я б застаўся. Зараз справа ідзе, уратаваць арганізацыю, таму й зьехаў. Функцыі, якія я выконваў у Беларусі, цалкам выконваю і тут», кажа Янушэўскі.
Нагадаем, што 30 траўня ў Савецкім судзе Менску пачнецца працэс «маладафронтаўцаў». Зьмітра Хведарука, Барыса Гарэцкага, Насту Палажанку, Алега Корбан і Аляксея Янушэўскага абвінавачваюць у парушэньні 193 га артыкулу крымінальнага кодэксу «Дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі». Ужо дакладна вядома, што Янушэўскага на судзе ня будзе.