viasna on patreon

Адказ “Советской Белоруссии”, Кацынелю, Анісімаву і іншае…

2007 2007-05-17T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

матэрыял пад такім назовам зьмешчаны на сайце harodnia.com:

11 траўня “Советская Белоруссия” надрукавала артыкул пад назвай “Большая перемена”, прысвечаны “рэканструкцыі” Горадні. Артыкул носіць яўна “заказны” характар і абсалютна, фактычна на 100 %, супярэчыць надрукаванаму колькі месяцаў таму ў гэтай самай газеце артыкулу “Асфальт требует жертв”.

Доказам гэтай думкі з’яўляецца тое, што ў якасці тых, у каго бралі інтэрв’ю, фігуруюць толькі афіцыйныя асобы. Напрыклад, добра вядомы нам сп. Кацынель і Анісімаў, а пра альтэрнатыўны праект уладкавання транспартных плыняў, які, дарэчы сказаць, яшчэ ў сакавіку быў дасланы у “СБ”, няма ні слова. Агульны тон артыкула, як гэта прынята ў нашай афіцыйнай прэсе, аптымістычна-бодранькі.

Па вялікаму разліку асноўных пытанняў, узнятых у артыкуле – два.

Першае – рэканструкцыя Старога моста. Другое – знішчэнне шэраговай забудовы канца ХІХ ст. пад выглядам яе рэканструкцыі.

Пачнем з першага. Хаваючыся за прыгожымі словамі журналісты па-сутнасці пярэчаць падпісанаму Прэзідэнтам генплану. Маю на ўвазе прапісаную ў ім неабходнасць пабудовы чацвёртага моста, а не рэканструкцыі Старога. Больш таго, мы ў нашай краіне надта змагаемся апошнім часам за эканомію газа, нафты, цяпла, сыравіны, матэрыялаў, грошай. Атрымліваецца дзіўна, што часовае рашэнне з рэканструкцыяй Старога моста, якое агулам будзе каштаваць 30-40 млрд. рублёў лепшае за даражэйшае, але больш прымальнае рашэнне аб пабудове новага моста. Ці не лепш адразу пераплаціць, затое зрабіць назаўсёды. Ці ж мы думаем толькі пакуль дапрацаваць да пенсіі, а далей няхай думаюць нашыя дзеці? “Пасля нас хоць патоп” – паўтараў французскі кароль Людовік XIV. Што стала з французскімі каралямі – ўсім добра вядома.

Цікавае і надта смелае выказванне сп. Кацынеля наконт тэрмінаў рэканструкцыі моста – адзін год, а зачыненне руху ўвогуле на 6 месяцаў. Праўда шаноўны архітэктар агаворваецца, што канчатковыя тэрміны будуць залежаць ад таго, як хутка расійскія ці польскія спецыялісты зробяць для моста металаканструкцыі. Гэта не што іншае, як хітрасць для абгрунтавання адсоўвання тэрмінаў канчатковай здачы адноўленага Старога моста ў эксплуатацыю. Атрымліваецца, што яшчэ адзін канфлікцік з Расіяй ці Польшчай і Горадня застанецца без моста гады гэдак на тры, а гарадскія ўлады будуць абгрунтоўваць расцягнутую рэканструкцыю моста тым, што выканаўцы дасюль не падрыхтавалі металаканструкцыі для моста.

Хаця гэта можа і да лепшага – гарадзенцы ўвогуле перастануць праз цэнтар ездзіць, ад гэтага адвучацца, а ўлады хуценька пабудуюць кальцавую.

Што тычыцца другой часткі, то яе сэнс зразумелы – абгрунтаваць знос старых дамоў у гістарычным цэнтры Горадні з пабудовай на іх месцы аддалена падобных да арыгіналаў новаробаў. Улады хочуць выселіць з цэнтру большую частку жыхароў, запоўніць цэнтар офісамі-новадзеламі. Між тым вядома, што ў цэнтры старога горада павінны жыць людзі, гуляць дзеці, сушыцца бялізна, толькі тады ён будзе па-сапраўднаму прывабны для турыстаў. Так ёсць, скажам, у Празе. Іншая справа, што трэба паляпшаць побыт людзей, што там жывуць, але рабіцца гэта павінна шляхам капрэмонту, а не шляхам зносу гістарычных будынкаў.

Але галоўны архітэктар горада Анісімаў малюе нам наступную карціну: “В самом центре Гродно дощатые туалеты на улице, отсутсвие горячей воды, ванных комнат, кухни, совмещённые с прихожими, треснувшие стены, через которые вечером на улицу из квартир пробивается свет, перегнившие перекрытия – не исключение, а правило». Што і сказаць, сп. Анісімаў, вам трэба пісаць сцэнары да фільмаў жахаў, ня йначай. Але агулам смешна. Быццам мы ў сваім горадзе вырашылі ўсе сацыяльныя праблемы, што нам толькі засталося перасяліць жыхароў Горадні з цэнтра ў шматпавярховікі на Дзевятоўцы. Ці не лепш аддаць гэтыя новыя кватэры маладым сем’ям, мара атрымаць навую кватэру для якіх становіцца з часам усё больш фантастычнай. Тым больш, што кватэры ў цэнтры будуць даражэць па любому і пра гэта ведае сп. Анісімаў, толькі не гаворыць аб гэтым тым, каго з гэтых кватэр высяляюць.

Горкую іронію можа выклікаць выказванне сп. Анісімава пра тое што багатыя людзі пасля пажара 1885 года рабілі трохпавярховыя дамы з новых матэрыялаў, “а бедняки для восстановления своих жилищ собирали стройматериалы на пожарищах. Можно себе представить в каком состоянии они сейчас». Слёзы на вочы наварочваюцца, калі бачыш карціну: ходзяць па пажарышчы беднякі і быццам той кум-тыква з кніжкі пра Чыпаліну шукаюць сабе колькі цаглінак на маленькі домік. Сп. Анісімаў, ці ж вы думаеце, што ў дамах кшталту Урыцкага 5, 21 ці Сацыялістычная 44 жылі гарадзенскія беднякі? Тады ўзровень жыцця ў нашым горадзе за апошнія 100 год значна падупаў. А што да збору цаглінак пасля пажару – лухта. Большасць дамоў перад пажарам былі драўляныя, фахверкавыя.

Іншая справа, што падмуркі некаторых дамоў сапраўды слабыя, але дамы трэба ратаваць, а не бурыць іх пад нуль. Праблема і ў тым, што дамы па Горкага 2, Сацыялістычнай 44, Урыцкага 5 не адносяцца ні да 4 ні тым больш да 5 катэгорыі аварыйнасці. Сцверджанне аб аварыйнасці гэтых будынкаў – не больш чым спроба неяк абгрунтаваць іх знос. У бліжэйшы час абяцаем пазнаёміць чытачоў з тэхнічнымі заключэннямі па гэтых будынках, праведзенымі незалежнымі спецыялістамі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства