viasna on patreon

Жонка Яраслава Лукасіка зьвярнулася з адкрытым лістом з нагоды анулявання дазволу на пастаяннае пражыванне яе мужу - пратэстанцкаму сьвятару

2007 2007-05-17T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Натальля Лукасік і яе трое дзяцей просяць Аляксандра Лукашэнку і міліцыянтаў, каб яны пакінулі ім бацьку і дазволілі жыць у роднай краіне. Поўны тэкст Адкрытага звароту Натальлі Лукасік з нагоды анулявання дазволу на пастаяннае пражыванне яе мужу Лукасіку Яраславу Генрыхавічу прыводзіць pahonia.promedia.by:

Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, 220016 Мінск, вул. К.Маркса, 38

Дэпартамент па грамадзянству і міграцыі, Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь

220050 Мінск, Гарадскі вал, 2

АДКРЫТЫ ЗВАРОТ

грамадзянкі Рэспублікі Беларусь Лукасік Наталлі Міхайлаўны

з нагоды анулявання дазволу на пастаяннае пражыванне майму мужу Лукасіку Яраславу Генрыхавічу

У верасні 1999 года рашэннем Аддзела ўнутраных спраў Мядзельскага райвыканкама Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь мой муж, Лукасік Яраслаў Генрыхавіч, грамадзянін Рэспублікі Польшча, атрымаў дазвол на пастаяннае пражыванне ў Рэспубліцы Беларусь. У верасні 2004 года тэрмін гэтага дазволу быў працягнуты да верасня 2008 г.

Але 8 мая 2007 года Мядзельскі РАУС Мінскай вобласці ануляваў гэты дакумент. Рашэнне было вынесена на падставе таго, што нібыта мой муж ажыццяўляе "дзейнасць, накіраваную на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспубліцы Беларусь у сферы міжканфесійных адносін".

Як указваецца ў дакуменце, рашэнне было прынятае згодна з абз. 3, ч.1 і абз. 2, ч. 2 арт. 54; абз. 5 ч.2 арт. 28 Закону РБ "Аб законным становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь". Каб пакінуць краіну, Яраславу дадзена 30 сутак. Гэты тэрмін заканчваецца 7 чэрвеня.

Дадзенае рашэнне бянтэжыць сваёй недарэчнасцю, глыбока прыніжае гонар майго мужа і таксама абражае ўсю нашу сям'ю. Хачу пералічыць некалькі прычын, паводле якіх, мяркую, рашэнне РАУС Мядзельскага раёна беспадстаўнае. Па-першае, мой муж не здзяйсняў якіх-небудзь супрацьзаконных дзеянняў ні ў сферы міжканфесійных адносін, ні тым, больш у сферы нацыянальнай бяспекі. На майго мужа не было складзена ніводнага пратакола аб адміністрацыйным парушэнні ў гэтых сферах, не было ніводнага рашэння суда, - не было ўвогуле нічога.

Па-другое, рашэнне Мядзельскага РАУС прынятае выключна паводле нейкай незразумелай інфармацыі з КДБ. Рашэнне, прынятае такім чынам, парушае правы нашай сям'і і нашых дзяцей. Я і дзеці з'яўляемся грамадзянамі Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым хачу зазначыць, што мы мелі магчымасць атрымаць грамадзянства Рэспублікі Польшча. Аднак нашым свядомым рашэннем мы надалі нашым дзецям грамадзянства Рэспублікі Беларусь. Мы любім Беларусь і не ўяўляем наш далейшы лёс без нашай краіны. Мой муж, хаця і з'яўляецца грамадзянінам Рэспублікі Польшча, пражыў у Беларусі значную частку свайго жыцця. Ён скончыў факультэт беларускай філалогіі Варшаўскага Універсітэта

і з’яўляецца спецыялістам у гэтай сферы. І ён таксама не жадае пакідаць Беларусь.

Мы жанатыя з лістапада 1998 года. Пасля заключэння шлюбу перад Богам і перад людзьмі, мы сталіся адным цэлым, неразлучнымі да канца нашых дзён. Мы прынялі рашэнне жыць у Беларусі і ахвярна служыць ёй, нягледзячы на перашкоды, цяжкасці і нястачы, якія мелі месца ў нашым жыцці. Гэта могуць пацвердзіць нашыя сваякі і сябры. Але, не ўзіраючыся на часовае і не засяроджваючыся на ім, мы ідзем разам праз усе гады нашага сумеснага жыцця.

Найбольшай радасцю для нас стала нараджэнне нашых траіх дзяцей: у снежні 1999 г. нарадзіўся Ян, у лютым 2001 г.– Марцін, і ў красавіку 2003 г. – нашая дачка Міра. Верым, што дзеці – гэта ўзнагарода ад Бога. Мы выхоўваем іх як патрыётаў нашай краіны. Яны размаўляюць штодзень на беларускай мове і выхоўваюцца на беларускай гістарычнай спадчыне. Мы гадуем іх на аснове хрысціянскіх каштоўнасцяў і прынцыпаў. Мы вучым нашых дзяцей быць людзьмі высокіх маральных стандартаў, добрымі, справядлівымі, вучым іх з любоўю ставіцца да кожнага чалавека і служыць іншым.

Я перакананая, што шчаслівыя, моцныя сем'і – гэта падмурак грамадства. Я веру, што сям'я павінна быць асноўнай грамадскай каштоўнасцю. Дзяржава павінна клапаціцца аб сям'і, а не разбіваць яе. Я выступаю супраць беззаконня. Нічым не абгрунтаванае рашэнне ці разбівае нашу сям'ю, ці прымушае ўсіх нас пакінуць радзіму.

Зараз жа ствараецца ўражанне, што мы трапілі ў мінулае. 70 год таму на падставе інфармацыі з НКВД вырашаліся лёсы людзей. Няўжо за гэтыя гады нічога не змянілася? Няўжо і зараз, без суда і следства, могуць выносіцца лёсавызначальныя рашэнні?

Я патрабую адказаць, па якому праву Мядзельскі РАУС прыняў гэтае рашэнне. Кіруючыся толькі спасылкай на інфармацыю з КДБ? У нашай краіне існуе прэзумпцыя невінаватасці, - гэта азначае, што толькі суд мае права абвінаваціць чалавека. Дзе ў нашым заканадаўстве запісана, што гэта права належыць таксама і КДБ?

Прашу прыняць да ўвагі, што вырашаецца лёс шматдзетнай сям'і, ў якой кожны з яе членаў мае права жыць у Беларусі. На падставе вышэй сказанага, патрабую адмяніць рашэнне Мядзельскага РАУС ад 08.05. 2007 “аб ануляванні дазволу на пастаяннае пражыванне ў Рэспубліцы Беларусь” для майго мужа, Лукасіка Яраслава Генрыхавіча. Разам з гэтым лістом мы дасылаем ліст, напісаны нашымі дзецьмі. Яны просяць вас пакінуць іх тату ў і дазволіць жыць нашай сям’і ў Беларусі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства