Грамадзкі актывіст Валер Шаўчэнка зьвярнуўся ў ААН
Сёньня,17 траўня, маюць адбыцца выбары новых прадстаўнікоў Рады ААН у пытаньнях правоў чалавека. Беларусь – адзін з кандыдатаў ад сваёй рэгіянальнай групы. З гэтай нагоды наваполацкі грамадзкі актывіст Валер Шаўчэнка надаслаў факсам ліст на адрас ню-ёрскай сядзібы ААН, у амбасады шэрагу краінаў, а таксама ў Адміністрацыю прэзыдэнта РБ, паведамляе “Радыё Свабода”.
Валер Шаўчэнка вядомы ў Наваполацку сваім актыўным грамадзянскім чынам. Ужо стала традыцыяй, што пад час выбарчай кампаніі ды напярэдадні Дня Волі яго прэвэнтыўна затрымліваюць ды накладаюць адміністрацыйны арышт. Пра ўсе гэтыя закалоты актывіст і напісаў у лісьце. Гаворыць Валер Шаўчэнка.
“Пачуўшы пра спробы афіцыйных колаў Беларусі ўвайсьці ў Раду ААН па правах чалавека, я зьвярнуўся ў ААН і ў шэраг амбасадаў дэмакратычных краінаў, – гаворыць Валер Шаўчэнка. – У сваім лісьце я распавёў пра той перасьлед, які я, грамадзянін Беларусі, зазнаў з боку ўлады і праваахоўных органаў”.
Паводле актывіста, праблемы ў яго пачаліся з таго моманту, як ён ачоліў прафсаюзны рух дробных прадпрымальнікаў Полаччыны.
“У 1996 годзе я стаў лідэрам прадпрымальніцкага руху ў рэгіёне, – працягвае Валер Шаўчэнка. – З той пары пачаліся складанасьці ў жыцьці. Напачатку былі папярэджаньні, потым пагрозы і ўрэшце рэшт у ход пайшлі рэпрэсіўныя меры. За маю грамадзкую дзейнасьць мяне неаднаразова штрафавалі на вялікія сумы, а потым справа дайшла да арыштаў. Толькі за апошні год я ўжо двойчы “адпачываў” на нарах”.
Наваполацкі актывіст просіць не разглядаць свой ліст як нейкую кляўзу: “Я проста хачу, каб сябры Рады ААН у пытаньнях правоў чалавека ведалі, з чым даводзіцца сутыкацца беларускім грамадзянам, якія тыя правы спрабуюць адстаяць. У сваім звароце я ні да чаго не заклікаю, а проста прашу адпаведныя структуры ААН уважліва аднесьціся да пытаньня правоў чалавека ў Беларусі”.