Улады Беларусі высылаюць з краіны яшчэ аднаго замежнага святара
8 траўня сябру Царквы хрысціян веры евангельскай, грамадзяніну Рэспублікі Польшча Яраславу Лукасіку Аддзелам унутраных спраў Мядзельскага райвыканкама быў ануляваны дазвол на пастаяннае пражыванне ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама загадана ў месячны тэрмін пакінуць тэрыторыю Беларусі. Прычынай такога рашэння нібыта з`яўляецца “дзейнасць, накіраваная на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь у сферы міжканфесійных стасункаў”.
Як паведамляе інфармацыйны цэнтр “Евангельская Беларусь”, Яраслаў Лукасік і яго жонка, грамадзянка Рэспублікі Беларусь Наталля Лукасік, маюць траіх дзяцей. Такія дзеянні ўлад разбіваюць шматдзетную сям`ю або змушаюць яе пакінуць нашу краіну.
Наталля Лукасік выступіла сёння з адкрытым зваротам у Дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі МУС Рэспублікі Беларусь і ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у якім патрабуе адмяніць рашэнне аб ануляванні дазволу на пастаяннае пражыванне свайму мужу і не разбіваць сям`ю.
“Я перакананая, што шчаслівыя моцныя сем`і – гэта падмурак грамадства. Я веру, што сям`я павінна быць асноўнай каштоўнасцю грамадства. Дзяржава павінна клапаціцца пра сям`ю, а не разбіваць яе. Я выступаю супраць беззаконня. Нічым не абгрунтаванае рашэнне або разбівае нашу сям`ю, або змушае ўсіх нас пакінуць Радзіму. Цяпер ствараецца ўражанне, што мы патрапілі ў мінулае. 70 гадоў таму на падставе інфармацыі з НКВД вырашаўся лёс людзей. Няўжо за гэтыя гады нічога не змянілася? Няўжо і цяпер, без суду і следства, могуць выносіцца лёсавызначальныя рашэнні?” – гаворыцца ў звароце.