У Берасьці ўзніклі цяжкасьці з распаўсюдам незалежных выданьняў
У Брэсце міліцыянты пачалі на пачатку мая масава правяраць грамадскіх распаўсюднікаў недзяржаўнай мясцовай прэсы. У першую чаргу яны патрабуюць прадаставіць дазволы на гандаль. Продаж газет пакуль не забаронены. Каб высветліць, чым выкліканы гэтыя праверкі, галоўны рэдактар “Брестского курьера” Мікалай Аляксандраў 11 мая, у мінулую пятніцу, наведаўся на прыём да старшыні Брэсцкага гарвыканкама А.Палышэнкава.
Мікалай Аляксандраў выказаў мэру занепакоенасць, што ў выніку праверак можа разбурыцца, створаная рэдакцыямі і адпрацаваная за 17 гадоў сістэма вулічнага гандлю прэсай. Бо, калі пачнуцца забароны на распаўсюд, хаця б часовыя, людзі будуць шукаць іншае месца працы.
Паводле слоў Аляксандрава, мэр пагадзіўся з яго довадамі і прапанаваў правесці на гэтым тыдні сустрэчу з кіраўнікамі брэсцкіх мясцовых газет, якія распаўсюджваюцца праз сетку вулічнага гандлю. А праверкі дакументаў у грамадскіх распаўсюднікаў А. Палышэнкаў патлумачыў тым, што ўлады горада імкнуцца прывесці гандаль у Брэсце да цывілізаваных еўрапейскіх рамак і правяраюць зараз наогул ўсіх вулічных гандляроў.
“У маёй прысутнасці мэр пазваніў у ідэалагічны аддзел выканкама і распарадзіўся прыпыніць праверкі да сустрэчы з рэдактарамі газет”, – паведаміў М. Аляксандраў прэс-службе БАЖ.
Зараз “Брестский курьер” выходзіць накладам 11 тысяч асобнікаў. Як кажа, галоўны рэдактар выдання, планавалі павялічыць, але, калі вулічны гандаль рухне, давядзецца наклад памяншаць.
На сёння ў Брэсце праз сетку вулічнага гандлю распаўсюджваюцца недзяржаўныя газеты “Брестский курьер”, “Вечерний Брест”, “Брестская газета”, “?#152;з рук в руки”, “Кабельное телевидение”. Мясцовыя газеты, якія фінансуюцца з дзяржбюджэту, такую сістэму распаўсюду не выкарыстоўваюць.