З Беларусі высланы замежны святар
Як стала вядома Хрысціянскаму Праваабарончаму Дому, з Беларусі быў высланы замежны служыцель, хрысціянін, грамадзянін ЗША Дэккер Трэвіс Тодд. Фармальнай прычынай высылкі стала рашэнне ворганаў унутраных справаў аб ануляванні дазволу на часовае пражыванне сп. Тодда у Рэспубліцы Беларусь. У пастанове аб ануляванні рашэння на часовае пражыванне ад 14 сакавіка 2007 году адзначана "... была атрымананя інфармацыя з Дэпартаменту па грамадзянсву і міграцыі МУС Рэспублікі Беларусь за выходзячым №40/15с ад 28.02.2007 г. у адносінах вышэйназванага замежніка аб тым, што ён мае дачыненне да дзейнасці накіраванай на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь". Пры гэтым не сказана, якія менавіта дзеянні замежнага грамадзяніна кваліфікаваныя як пагроза нацыянальнай бяспецы.
Грамадзянін ЗША Дэккер Трэвіс Тодд працаваў у адной з грамадскіх дабрачынных арганізацыяў, ён наведваў пратэстанцкую царкву ў Мінску.
Дадзены выпадак з'яўляецца адным з дзясятка падобных, якія мелі месца ў апошні час. Працэс высылкі замежных грамадзянаў набывае ў Беларусі шырокі маштаб. Фармулёўка, з якой служыцеляў прымушаюць выязджаць з Беларусі, часцей за ўсё ўтрымлівае словы "пагроза нацыянальнай бяспецы", і засноўваецца на няяснай інфармацыі з органаў дзяржаўнай бяспекі.
Падчас нядаўняй прэс-канфэрэнцыі прысвечанай пачатку кампаніі "У абарону правоў на свабоду сумлення" пастар мінскай "Царквы Ісуса Хрыста" Барыс Чарнаглаз адзначыў, што зараз у Беларусі многія служыцклі знаходзяцца пад ціскам спецслужбаў і пагрозай дэпартацыі:
- Я не магу назваць іх імёны, таму што гэтыя людзі ўжо знаходзяцца пад ціскам ворганаў дзяржаўнай бяспекі. Гэта мае сябры, мае браты ў Хрысце, якіх запрашалі ў пашпартна-візавыя службы, ладзілі ім незапланаваныя сустрэчы з супрацоўнікамі ворганаў дзяржбяспекі. Пры гэтым супрацоўнікі КДБ не прадстаўляючыся і аказвалі моцны ціск на служыцеляў. Хутчэй за ўсё такіх людзей сотні. Гэта людзі, чые жыцці былі змененыя. Гэта абшчыны, якія гэтыя служыцелі стварылі тут, на беларускай зямлі. І гэтая дзейнасць сёння кваліфікуецца, як пагроза нацыянальнай бяспецы!