Магілёўскага студэнта Станіслава Кавалеўскага зьнялі з пасады старасты
10 траўня адбыўся савет факультэту, на якім абмяркоўвалася пытаньне аб выключэньні апазыцыйна настроенага студэнта з Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсітэту. Дэкан гістфаку спрабаваў выключыць хлопца за ўдзел у несанкцыянаванай дэманстрацыі студэнтаў супраць адмены ільготаў, якая адбылася ў Магілёве 8 траўня. Барысенка лічыць першакурсніка Станіслава Кавалеўскага арганізатарам акцыі.
Хоць ніякіх доказаў проціпраўнай дзейнасьці студэнта ў Барысенкі не было, пагражаць выключэньнем з унівэрсытэту ён пачаў яшчэ да таго, як акцыя адбылася. Выгнаньне вольнадумца мусіла адбыцца па непрыхавана палітычных матывах. Кавалеўскі добра вучыцца й заняткі не прапускае, так што іншых прычынаў быць не магло.
Цяпер Уладзімер Барысенка зьмяніў тактыку палітычнага тэрору на тактыку дробных шкодаў. Ён зьняў студэнта з пасады старасты групы. Таксама Барысенка паабяцаў "разабрацца" зь "Бюлетэнем унівэрсытэту Магілёву" (інакш "БУМ!"), які выдаецца студэнтамі на ўласныя сродкі накладам 299 асобнікаў. Рэдактарам газэты зьяўляецца Станіслаў Кавалеўскі.
Як паведаміў БАЖ, першы нумар “Бюлетэня Унівэрсітэтаў Магілёву” – менавіта такім чынам расшыфроўваецца абрэвіятура “БУМ” – убачыў свет і распаўсюдзіўся ў студэнцкім асяроддзі Магілёва літаральна ў перададзень Дня Перамогі.
Незалежная моладзевая выданне на 4-х старонках фармату А-4 заяўлена як штомесяцавая, накладам у 299 асобнікаў, газета аб праблемах і інтарэсах студэнцтва. У ёй мяркуецца змяшчаць, як абвешчана ў рэдактарскай калонцы, “навіны студэнцкага жыцця, матэрыялы з Інтэрнэту, інфармацыя аб падзеях у Магілёве, Беларусі і свеце, студэнцкія аб’явы і абвесткі”. Такім першы нумар “БУМа” і выглядае.
Дзеля бяспекі рэдакцыя для кантактавання з сабой падае толькі свой віртуальны адрас, а ўсе надрукаваныя ў газеце інфармацыі, рэпартажы, фотаздымкі і нават вершы падпісаныя псеўданімамі. І сапраўды, меры перасцярогі не падаюцца залішнімі ці заўчаснымі, бо, як сталася вядома, адначасна з з’яўленнем студэнцкай газеткі ў навучальных установах пачалося і адміністратыўнае вышукванне тых, хто мае да яе дачыненне.
А вось што да тэматыкі выдання – тут поўная адкрытасць і смеласць. У нумары аналізуецца настрой студэнцтва ў сувязі з абвешчаным замахам адміністрацыі краіны і ніжняй дэпутацкай Палаты на сціплыя студэнцкія ільготы і сацыяльныя палёгкі. Крытыцы і высмейванню падвяргаюцца некаторыя правілы пражывання ў студэнцкіх інтэрнатах, у прыватнасці, сістэма абавязковых “добраахвотных адпрацовак” кожным пражываючым пэўнай колькасці гадзінаў на ўборцы тэрыторыі і памяшканняў.
Для далейшага абмеркавання прапануецца тэма мяркуемага ўвядзення ва ўніверсітэце імя А.Куляшова аплаты за пераздачу студэнтамі залікаў і экзаменаў, якая будзе дыферэнцыраваная ў залежнасці ад навуковага звання альбо адміністратыўнай пасады выкладчыка. Ёсць у газеце і звычайныя студэнцкія аб’яўкі: “пазнаёмлюся... прадам... абмяняю... куплю”.
Надалей абяцаны раздзел чутак, якія пастаўляць у рэдакцыю будзе чорны кот па мянушцы Дацэнт, які даўно прыжыўся ў галоўным корпусе Магілёўскага ўнівэрсытэта імя А.Куляшова. З гэтай прычыны ён можа ўсюды бесперашкодна ўвайсці, затаіцца і падслухаць любы студэнцкі ці выкладчыцкі шэпт.