Мітынг супраць адмены ільготаў плянуецца ў Гомелі
У Гомельскі гарвыканкам пададзена заяўка на правядзеньне мітынгу супраць адмены ільготаў розным катэгорыям насельніцтва. Паводле задумы арганізатараў, мерапрыемства мае адбыцца 20 траўня а 15-й гадзіне ля Палацу глуханямых.
Ініцыятарам правядзеньня акцыі зьяўляецца грамадзкі актывіст Пётар Кузьняцоў. Дата мітынга была абраная невыпадкова, бо ў гэты ж дзень у Менску заплянаванае правядзеньне аналягічнае акцыі. Мяркуецца, што мерапрыемства ў Гомелі пройдзе пад лёзунгам “Не – адмене ільготаў”. Арганізатары сустрэчы паведамляюць, што падчас мерапрыемства гараджане змогуць пачуць меркаваньні вядомых у Гомелі палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў. “Мэтавай групай зьяўляецца студэнцкая моладзь, якая наўпорст пацерпіць ад адмены ільготаў на праезд”, - адзначае Пётар Кузьняцоў.
Нагадаем, адначасова ў Гомелі праходзяць і іншыя мерапрыемствы па гэтай праблеме. Так, цяпер моладзь горада зьбірае подпісы супраць законапраекта пра скасаваньне ільготаў. На гэты момант колькасьць падпісантаў складае больш за 300 чалавек, паведамляе “Гарт”.