viasna on patreon

13 траўня прайшоў IV сход прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі

2007 2007-05-14T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

IV сход прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі з удзелам прыблізна 100 дэлегатаў з розных рэгіёнаў краіны адбыўся 13 мая ва ўрочышчы Прыстанька Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці, на беразе ракі Нёман.

Як паведаміў БелаПАН, сход быў арганізаваны на тым месцы, дзе 9 ліпеня 1906 года прайшоў нелегальны з’езд беларускіх настаўнікаў з удзелам класіка нацыянальнай літаратуры Якуба Коласа.

На думку акадэміка Радзіма Гарэцкага, на Кангрэсе дэмакратычных сіл, што мае адбыцца прыканцы мая, трэба ставіць пытанне аб стратэгіі і тактыцы дзеянняў апазіцыі, а не аб лідэрстве ў ёй.

Як лічыць пісьменніца Вольга Іпатава, неабходна аб’яднаць дзейнасць дэмсіл у пабудове не толькі дэмакратычнай, але і сапраўды беларускай, нацыянальна арыентаванай дзяржавы. Паводле яе слоў, у цэнтры ўвагі дэмсіл павінны быць беларуская мова, беларуская школа і вышэйшая адукацыя на роднай мове.

Як мяркуе палітык Аляксей Кароль, інтэлігенцыя павінна ўтрымаць лідэраў апазіцыі ад «мышынай валтузні» за ўмоўныя пасады і сканцэнтраваць іх на дзеяннях.

На думку педагога і кінарэжысёра Уладзіміра Коласа, разам з Аляксандрам Мілінкевічам, які прадстаўляе беларускую грамадзянскую супольнасць перад сусветнай супольнасцю, унутры краіны патрэбны «моцны каардынатар — начальнік штаба аб’яднаных дэмакратычных сіл, які накіруе высілкі на ўмацаванне адзінства апазіцыі». У.Колас лічыць, што рэалізацыя ідэі сустаршынства ў лагеры дэмсіл прывядзе да безадказнасці.

Удзельнікі сходу абралі 47 дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сіл, а таксама ўхвалілі зварот, у якім вылучаюць шэраг патрабаванняў да ўладаў. У тым ліку — аб пачатку канструктыўнага дыялогу па рэфармаванні грамадства, спыненні рэпрэсій у дачыненні да грамадскіх арганізацый, палітычных партый, недзяржаўнай прэсы, вядомых дзеячаў апазіцыі і звычайных грамадзян; аб аб’ектыўнасці і незалежнасці беларускіх судоў і праваахоўных органаў, прыняцці дэмакратычнага заканадаўства і аб сумленных выбарах. «Галоўнай задачай найбліжэйшага перыяду, на нашу думку, з’яўляюцца парламенцкія выбары 2008 года, якія мусяць адбыцца без фальсіфікацый, пад эфектыўным кантролем беларускай грамадскасці і міжнароднай супольнасці», — гаворыцца ў звароце.

Сын народнага паэта Беларусі Я.Коласа Міхась Міцкевіч прачытаў кампазіцыю паводле паэмы бацькі «Новая зямля», а старшыня РГА «Таварыства беларускай школы» Алесь Лозка ўручыў актывістам нацыянальнага настаўніцкага руху дыпломы ТБШ.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства