viasna on patreon

У Жодзіне прайшло першае паседжаньне Жодзінскага гарвыбаркаму

2013 2013-12-28T11:11:55+0300 2013-12-28T11:17:46+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/shodzina-vybary-2013.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

27 снежня з 15-00 да 15-30 у актавай залі будынку Жодзінскага выканкаму прайшло першае паседжаньне Жодзінскай гарадзкой тэрытарыяльнай камісіі па выбарах у мясцовыя рады дэпутатаў.

На мерапрыемстве прысутнічалі ўсе сябры камісиі акрамя прадстаўніка КПБ, Юрыя Пахтэры. Вёў паседжаньне першы намесьнік старшыні выканкаму Юры Шары, які інфармаваў прысутных пра пачатую кампанію й прапанаваў абраць кіраўніцтва камісіі. Сцэнар вылучэньня і выбару кіраўніцтва Жодзінскага гарвыбаркаму цалкам паўтарыў той, які назіраўся ў  ходзе апошніх выбарчых кампаній у рэгіёне. Усё паўтарылася з дакладнасьцю амаль да кожнага выказанага слова: Уладзімер Цыёлта прапанаваў абраць старшынём Сяргея Афанасенкава (былы супрацоўнік выканкаму), Тамара Мацюшонак (выканкам) тут жа падтрымала вылучэньне дадзенай кандыдатуры. Пасьля галасаваньня старшынём была прапанаваная ў сакратаркі камісіі Тацяна Краўцэвіч (выканкам), якая ў сваю чаргу прапанавала ў намесьнікі старшыні Уладімера Цыёлту (ГТМА).

 

У выніку ўдзельнікі адзінагалосна прагаласавалі й выбралі старшынём Жодзінскай гарадзкой выбарчай камісіі Сяргея Афанасенкава ("Белая Русь"), ягоным намесьнікам Уладзімера Цыёлту, а сакратаркаю -Тацяну Краўцэвіч (начальніца арганізацыйна-кадравага адзьдзелу гарвыканкаму). 

Далей паседжаньне вёў Сяргей Афанасенкаў, які закрануў некаторыя арганізацыйныя моманты працы камісіі. Пасьля зноў слова ўзяў першы намесьнік старшыні Жодзінскага выканаўчага камітэту Юры Шары, які цалкам зачытаў прысутным "Прадстаўленьне выканкаму па выбарчых акругах з пазначэньнем іхных найменьняў, нумароў, межаў, колькасьці выбарнікаў і месцаў знаходжаньня выбарчых камісіяў". Пасьля гэтага без аніякіх пытаньняў унесеныя прапановы выканкаму былі зацьверджаныя адзінагалосным галасаваньнем.

Напрыканцы мерапрыемства з дазволу, які быў атрыманы непасрэдна ад прызначанага выканкамам каардынатара выбарчай камапаніі ў Жодзіне, першага намесьніка старшыні выканкаму па ідэалёгіі Юрыя Шарага (апошні даў непасрэднае указаньне сакратарцы Т.Краўцэвіч) прысутнаму на паседжаньні праваабаронцы Аляксею Лапіцкаму было дазволена азнаёміцца з поўным тэкстам унесенага на разгляд камісіі прадстаўленьня па выбарчых участках у горадзе. 

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства