Валянцін Стэфановіч: “Улады Беларусі працягваюць парушаць і абмяжоўваць права грамадзянаў краіны на свабоду аб’яднаньняў”
Мінюст Беларусі разгледзеў матэрыялы адносна дзяржаўнай рэгістрацыі маладзёжнага грамадскага аб’яднаньня “Маладыя сацыял-дэмакраты - Маладая Грамада” і прыняў рашэньне: “Адмовіць!”. У афіцыйнай паперы, якую аб’яднаньне атрымала з Міністэрства юстыцыі, гаворыцца, што статут ствараемага грамадскага аб'яднаньня не адпавядае патрабаванням часткі трэцяй дзевятага артыкула закону "Аб грамадскіх аб'яднаннях".
На думку Міністэрства юстыцыі, у прадстаўленым статуце моладзевага грамадскага аб'яднаньня адсутнічала норма, якая прадугледжвае перыядычнасьць скліканьня кантрольна-рэвізійнага органа і кантрольна-рэвізійных органаў арганізацыйных структур грамадскага аб’яднаньня. Безумоўна, такую дробязь, пры жаданьні, можна было выправіць у рабочым парадку, але гэты варыянт, пэўна, не змог бы задаволіць Мінюст, таму часу для выпраўленьня Статута прадстаўлена не было.
Акрамя гэтага, як вынікае з ліста міністэрства, ініцыятары стварэньня грамадскага аб'яднаньня парушылі артыкул 13 Закона "Аб грамадскіх аб'яднаньнях" і не прадставілі сьпіс членаў кантрольна-рэвізійнага органа, які прадугледжвае прозьвішча, імя, імя па бацьку, дату нараджэння, грамадзянства, адрас сталага месца жыхарства, а таксама іх месца вучобы (працы) і нумар працоўнага тэлефона. Такім чынам, Мінюст адмовіў у дзяржаўнай рэгістрацыі грамадскаму аб’яднаньню Маладыя сацыял-дэмакраты – Маладая Грамада” і яго сімволікі. Адказ падпісаў начальнік упраўленьня грамадскіх аб’яднаньняў Міністэрства А. Сьліжэўскі.
Адмову Міністэрства юстыцыі каментуе праваабаронца Валянцін Стэфановіч: ”Тэндэнцыі застаюцца нязьменнымі. Улады не жадаюць рэгістраваць грамадскія аб’яднаньні. Нават наадварот, ліквідуюць, як гэта сталася нядаўна з Беларускім літаратурным фондам. Сітуацыя не зьмянілася нават пасьля скасаваньня Дзяржаўнай камісіі па рэгістрацыі (перарэгістрацыі) грамадскіх аб’яднаньняў, чым так любяць “казыраць” як станоўчым фактам нашыя афіцыйныя прадстаўнікі на самммітах АБСЕ і іншых міжнародных форумах. Улады Беларусі працягваюць парушаць і абмяжоўваць права грамадзянаў краіны на свабоду аб’яднаньняў. Усё гэта робіцца на фоне татальнага крымінальнага перасьледу актывістаў грамадзянскай супольнасьці за прыналежнасьць да незарэгістраваных арганізацыяў”.