viasna on patreon

У Магілёве актывіст АГП атрымаў трое сутак зняволення

2013 2013-12-26T18:52:50+0300 2013-12-26T18:52:50+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stop-padatakk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння, 26 снежня, Антон Касцоў пайшоў у Кастрычніцкі РАУС Магілёва для разбіральніцтва з нагоды забранага ў яго на кватэры падчас ператрусу ноўтбука, аднак з міліцыі хлопец больш не выйшаў.

Міліцыянты адвезлі яго ў суд, які прысудзіў яму трое сутак у якасці адміністрацыйнага пакарання за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў.

Пасля адбыўшайся акцыі “Стоп-падатак” у Магілёве міліцыянты вылічылі, што групу “Вконтакте” “Стоп-страх” мадэруе 23-гадовы актывіст Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Антон Касцоў.

Да хлопца дамдому з’явіліся міліцыянты, у тым ліку намеснік начальніка Кастрычніцкага РАУСа Магілёва, які загадаў хлопцу выдаліць групу “Стоп страх”, якая таксама займалася анансаваннем чарговай акцыі аўтамабілістаў супраць падатку на аўто, якая мусіць адбыцца 27 снежня ў Магілёве. Калі ён не пагодзіцца гэта зрабіць, то, нібыта, будуць непрыемныя наступствы. Міліцыянты выставілі ўльтыматум, паводле якога 24 снежня група ў “Стоп-страх” мусіць быць выдалена.

Вечарам 24 снежня Антон Касцоў пасля кансультацыі з магілёўскімі праваабаронцамі пайшоў у Кастрычніцкі РАУС Магілёва, каб даць тлумачэнні, што выдаліць групу не можа, бо яе адміністратарам з’яўляецца зусім іншы чалавек, і ў яго няма права доступу да гэтай групы.

У міліцыі хлопец правёў тры гадзіны, пасля чаго ў суправаджэнні трох міліцыянтаў быў дастаўлены да сябе дадому. Там у яго адбыўся ператрус, якім кіраваў сам начальнік Кастрычніцкага РАУСа Магілёва. У хлопца міліцыянты забралі ноўтбук і сказалі прыйсці яму ў РАУС для далейшага разбіральніцтва 26 снежня, што і было зроблена Антонам. У той жа дзень была выдалена група “Стоп-страх”.

Акрамя таго, 24 снежня стала вядома, што хлопцам тэрмінова зацікавіўся ваенкамат і пажадаў яго адправіць на зборы. 26 снежня ён мусіў таксама наведаць і гэтую ўстанову, аднак аб выніках гэтага візіту пакуль нічога невядома.

Кіраўнік Магілёўскай абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцпў адзначае, што міліцыянты паступілі подла – заманілі актывіста нібы на размову, а ў выніку пасадзілі яго на суткі.

“Вось тут і раскрываецца сапраўднае аблічча нашай міліцыі – у іх хітрасці і подласці. Хлопца заманілі каб не ствараць загадзя лішняга шуму і гэтак жа ціха асудзілі. Гэта знак іншым актывістам, каб не праяўлялі актыўнасці, бо сунешся – будзеш сядзець на сутках, альбо атрымаеш штраф”, - кажа Шанцаў.

Нагадаем, што ў Магілёве 20 снежня адбылася акцыя “Стоп-падатак”. Некалькі аўтамабілістаў ездзілі па цэнтру горада з уключанай аварыйнай сігналізацыяй і сігналілі. Міліцыянты прыпынялі некаторых удзельнікаў, аднак іх не штрафавалі. Акцыя не была масавай.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства