viasna on patreon

Як зняволеныя жывуць "на грошы падаткаплацельшчыкаў": "жыроўка" з магілёўскай ПК-15

2013 2013-12-24T16:13:56+0300 2013-12-24T16:14:25+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zniavolenyja.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мінчанка Людміла Кучура, чый муж адбывае пакаранне ў магілёўскай ПК-15, на свой ​​запыт у ДВП МУС атрымала даведку пра кошт камунальна-бытавых паслугаў, якія аплочваюць зняволеныя ў калоніі.

Людміла Кучура распавяла праваабаронцам "Вясны", што на пачатку снежня звярнулася ў Дэпартамент выканання пакаранняў МУС са скаргай: «Мой муж зараз утрымліваецца ў памяшканні камернага тыпу, ПКТ, дзе вельмі дрэнныя ўмовы - слабое асвятленне, вельмі холадна, і ён папрасіў, каб далі фуфайку - яму адмовілі. А я ведаю, што ён аплочвае камунальна-бытавыя паслугі.  Мяне, вядома, цікавіла пытанне пра тое, колькі ён плоціць за такія вось умовы,і я запатрабавала адпаведную інфармацыю».

Начальнік Дэпартамента Сяргей Дарошка ў адказ на скаргу паведамляе:
«У адпаведнасці з артыкулам 102 Крымінальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь з заробку i прыроўненых да яго даходаў у асуджаных да пазбаўлення волі робяцца ўтрыманні для пакрыцця кошту харчавання, адзення і абутку, камунальных паслугаў. Парадак разліку і кампенсацыі падлягаючага ўтрыманню кошту харчавання, адзення і абутку, камунальных паслугаў устанаўліваецца Міністэрствам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з Міністэрствам фінансаў Рэспублікі Беларусь. < ...>
Папраўчымі ўстановамі штомесяц разлічваецца сума выдаткаў на ўтрыманне кожнага асуджанага (у тым ліку камунальна-бытавых паслугаў) на падставе фактычных выдаткаў».

Да адказу даецца інфармацыя пра фактычныя выдаткі для разліку кошту камунальна-бытавых паслугаў (КБП), якую папраўчая калонія №15 прадаставіла УДВП МУС па Магілёўскай вобласці, а таксама даведку пра кошт КБП, утрыманы з пенсіі Пятра Кучуры за 2013 год. У адпаведнасці з гэтай інфармацыяй, у “жыроўку” вязняў уваходзіць штомесячная аплата цеплавой энэргіі, падагрэву вады, вады і каналізацыі, вывазу смецця, заробку персаналу, амартызацыі асноўных сродкаў, мыйных сродкаў, дэратызацыі (меры па знішчэнні грызуноў).

Напрыклад, як вынікае з разліковага лістка, за чэрвень 2013 г. з асуджаных у ПК-15 было ўтрымана 364 мільёны 789 тысяч 289 рублёў, што пры “сярэдняспісачнай” колькасці ў 1780 чалавек склала па 204 тысячы 938 рублёў на кожнага.

Паводле даведкі, з пенсіі Пятра Кучуры за 10 месяцаў бягучага года ўтрымана 2 мільёны 667 тысяч рублёў.

Азнаёміўшыся з гэтымі разлікамі, Людміла Кучура не хавае свайго абурэння: «Я была здзіўленая, што ён столькі плоціць у калоніі, колькі я плачу за сваю добрую трохпакаёвую кватэру, дзе ў мяне кожны дзень цёпла, дастаткова святла, ёсць цёплая вада і я магу прымаць ванну хоць дзесяць разоў на дзень. А мой муж, як і ўсе асуджаныя, ходзіць у лазню толькі раз на тыдзень, і толькі там бывае вада ды і тое, як скардзяцца асуджаныя, яна не дастаткова гарачая для таго, каб мыцца. Да ўсяго, жыве ён у агульным памяшканні, дзе іх можа быць 20-30 чалавек. Атрымліваецца, што сваё ўтрыманне ён аплочвае вельмі дорага".

Людміла Міхайлаўна адзначае, што гэтую інфармацыю хацелася б данесці да людзей, якія звычайна ў каментарах на сайтах выказваюць сваё абурэнне тым, што «мы, падаткаплацельшчыкі, утрымліваем гэтых зэкаў» і да т.п. «Нічога падобнага, няхай падаткаплацельшчыкі не вельмі хвалююцца за сваю кішэню. Асуджаныя ўтрымліваюць сябе самі. Гэта пацвярджае прыклад майго мужа. Бо акрамя гэтых КБПу іх вылічваюць і за харчаванне, і за вопратку, і за абутак. А калі ўлічваць, што сваякі асуджаных часта і грошы ў турмы пералічваюць, вязуць будматэрыялы... То бок, я не разумею тых людзей, якія так каментуюць. Можа быць, там ёсць нейкая катэгорыя, але ў большасці асуджаных утрымліваюць іх сваякі і яны самі сябе. Дзяржава іх не ўтрымлівае», - кажа жанчына.

З яе словаў, за ўсе гады ўтрымання ў магілёўскай ПК-15 (з снежня 2008 г.) яе муж ні разу не атрымаў ні туалетнай паперы, ні зубной пасты і шчоткі, ні мыла - таго мінімуму, які павінен выдавацца зняволеным за кошт дзяржавы.

Неабходна адзначыць, што Пётр Кучура мае інваліднасць па захворванні сэрца і атрымлівае пенсію па інваліднасці, з якой у яго ўтрымліваюцца ўсе пералічаныя выплаты. Да ўсяго, паводле пастановы Мінюста ад 15.10.2013№159 у зняволеных спаганяецца 90% заробку ў кошт пагашэння пазову. Найпросты арыфметычны расклад непазбежна прыводзіць да пытання: адкуль чалавеку браць грошы на неабходныя лекавыя сродкі?

Даведка з ПК-15 пра кошт  КБП, утрыманай у П.Кучуры за 2013 г.
Разліковы лісток выдаткаў на КБП у ПК-15 Магілёва за чэрвень 2013 г.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства