Старшыня Магілёўскага абласнога суда вынес пратэст па справе “Вольнага горада”
Старшыня Магілёўскага абласнога суда Ігар Прашко накіраваў пратэст у прэзідыўм Магілёўскага абласнога суда на рашэнне суда Крычаўскага раёна ад 17 чэрвеня 2013 года. Адпаведнае ўведамленне 22 снежня атрымаў выдавец газеты “Вольны горад” Уладзімір Кудраўцаў.
Ігар Прашко просіць прэзідыўм Магілёўскага абласнога суда, кіруючыся артыкулам 439 ДПК Рэспублікі Беларусь, рашэнне суда Крычаўскага раёна Магілёўскай вобласці ад 17 чэрвеня адмяніць, вытворчасць па справе спыніць.
Старшыня Магілёўскага абласнога суда робіць выснову, што рашэнне суда Крычаўскага раёна ад 17 чэрвеня нельга прызнаць законным, паколькі справы аб абароне дзелавой рэпутацыі ў сферы гаспадарчай дзейнасці непадведамасны агульным судам.
Нагадаем, што 17 чэрвеня суддзя суда Крычаўскага раёна Аляксандр Курылін вынес рашэнне па пазову “аб абароне дзелавой рэпутацыі” з боку КУП “Чэрыкаўскае ПМК № 280” супраць незалежнай газеты “Вольны горад”. Суд прызнаў распаўсюджаныя ў газеце “Вольны горад” (№ 4 ад 3 лютага 2013 года) у артыкуле “Прыгонныя” звесткі адносна КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280” не адпавядаючымі рэчаіснасці і абавязаў газету “Вольны горад” апублікаваць абвяржэнне.
Праваабаронца Барыс Бухель кажа, што ён чакаў таго, што старшыня Магілёўскага абласнога суда вынесе пратэст на рашэнне суда Крычаўскага раёна ад 17 чэрвеня.
“Гэта было чакана, пасля вынясення папярэдняга рашэння судовай калегіі па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда па другому пазову Чэрыкаўскай ПМК-280 да журналістаў газеты “Вольны горад” адмяніць цалкам рашэнне суда Крычаўскага раёна (суддзі Антаніны Качанавай) з прычыны непадсуднасці і спыніць вытворчасць па справе, - выказвае меркаванне Барыс Бухель. – Таму я ўпэўнены, што прэзідыўм абласнога суда задаволіць пратэст старшыні і адменіць рашэнне суда Крычаўскага раёна ад 17 чэрвеня”.
Неабходна адзначыць, што менавіта магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель азнаёміўся з адпаведнымі дакументамі і высветліў, што суддзі Крычаўскага раённага суда і Магілёўскага абласнога суда наогул не мелі права разглядаць пазовы з боку КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280” да незалежнай газеты “Вольны горад” аб абароне дзелавой рэпутацыі, дзе адказчыкам выступаў яе заснавальнік Уладзімір Кудраўцаў. Справядлівасць яго высновы спраўдзіла Судовая калегія па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда і яго старшыня Ігар Прашко.