Бялыніцкая раёнка распавяла, колькі сапраўды зарабляюць даяркі
У некалькіх апошніх нумарах бялыніцкай раённай газеты “Зара над Друццю” былі надрукаваныя матэрыялы, прысвечаныя сустрэчам з насельніцтвам новага старшыні райвыканкама Мікалая Кадаценкі і ходу зімоўкі жывёлы ў гаспадарках Бялыніцкага раёна.
У газетных матэрыялах журналісты “Зара над Друццю” нарэшце паведамілі актуальную інфармацыю, колькі ж сапраўды атрымліваюць даяркі за сваю вельмі цяжкую працу ў “квітнеючай” Беларусі.
У прыватнасці, у артыкуле “Падзяліліся набалелымі праблемамі“ “Зара над Друццю” распавяла пра выязны прыём жыхароў Галоўчынскага сельсавета, які правёў старшыня Бялыніцкага райвыканкама напрыканцы лістапада. На прыём да старшыні райвыканкама завітала аператар машыннага даення кароў Галоўчынскай фермы СВК “Кудзін” Алена Круглянкова, якая паскардзілася на вялікую працоўную нагрузку і малы заробак.
“Пяць даярак абслугоўваюць 341 карову, - кажа Алена Іванаўна. – Працуем без выхадных, паколькі адсутнічае падменная даярка. Разрываемся паміж фермай і домам. Калі што не так – праўленне гаспадаркі карае рублём. Вось зарабіла за месяц мільён сорак тысяч рублёў. Як за гэтыя грошы жыць, вучыць дзяцей?”.
Мікалай Кадаценка паабяцаў даярцы, “што гэта неразбярыха скончыцца”, а таксама выказаў наступнае мудрае меркаванне: “Скажу наступнае: зарплата павінна быць зароблена, у вашым выпадку праз павелічэнне надояў, забеспячэнне рэалізацыі атрыманага малака гатункам “Экстра”. Гэта ваш самы надзейны і гарантаваны шлях да высокай зарплаты”.
Цікава, ці пагадзіліся б працаваць самі нашы слаўныя чыноўнікі на жывёлагадоўчай ферме за заробак у мільён беларускіх рублёў, што нашмат ніжэй за мінімальны, пры гэтым яшчэ і без выходных?
“Зара над Друццю” піша, што на нізкі заробак паскардзіліся старшыні райвыканкама таксама жывёлаводы СВК “Кудзін” Любоў Талакова, Ганна Лапшына, а жыхарка Старага Сяла Ала Фуртак распавяла пра тое, што яе муж, які працуе малаказборшчыкам, узімку атрымлівае па 200 тысяч рублёў…
У другім артыкуле - “Утульнасць старой фермы” – журналіст “Зары над Друццю” Васіль Дзеравяшка распавядае пра ход зімоўкі жывёлы на Сцёхаўскай малочна-таварнай ферме ААТ “Бялыніцкае райаграпрамтэхзабеспячэнне”. Вось што піша журналіст пра заробак даярак на гэтай ферме.
“Не задавальняе аператараў машыннага даення кароў іх заробак: на Сцёхаўскай малочнатаварнай ферме, напрыклад, дзе давялося пабываць у той дзень, ён не дацягвае нават да мінімальнага ўзроўню. З улікам індэксацыі 6,8 працэнта ў кастрычніку, напрыклад, ён склаў 1466230 рублёў”.
Таксама журналіст піша, што “Прынамсі, аператары машыннага даення кароў Алена Калачова, Надзея Палонская, Святлана Плесканёва з пачатку зімня-стойлавага перыяду таксама выходных не маюць”.
Такія вось заробкі ў даярак, якія да таго ж працуюць без выходных месяцамі, у Бялыніцкім раёне, які лічыцца далёка не горшым па ўзроўню развіцця жывёлагадоўлі ў нашай краіне…
Нагадаем, што яшчэ некалькі год таму кіраўнік нашай краіны Аляксандр Лукашэнка распавядаў расійскім журналістам пра тое, што даяркі ў Беларусі атрымліваюць па 700-1000 долараў заробку.