viasna on patreon

FIDH і ПЦ "Вясна" патрабуюць неадкладнага і безумоўнага вызвалення Мікалая Статкевіча і іншых палітзняволеных

2013 2013-12-19T10:06:23+0300 2013-12-23T13:19:50+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/svabodu_statkievichy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Парыж-Мінск, 19 снежня 2013

Тры гады таму, 19 снежня 2010 года, услед за сілавым разгонам мітынгу пратэсту на плошчы Незалежнасці ў г.Мінску рушыў шэраг арыштаў, затрыманняў і пераследу прадстаўнікоў апазіцыі, актывістаў і грамадзянаў, якія бралі ўдзел у мірных дэманстрацыях у сталіцы Беларусі. Многія з іх пасля падвергліся судоваму пераследу, уключаючы некалькі кандыдатаў у прэзідэнты. 19 снежня быў затрыманы і кандыдат у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч, які і па сённяшні дзень застаецца ў зняволенні.

26 траўня 2011 г. судом Ленінскага раёна г. Мінска Мікалай Статкевіч быў асуджаны да 6-ці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму па ч. 2 арт. 293 КК Рэспублікі Беларусь. На дадзены момант Мікалай Статкевіч адбыў палову вынесенага яму тэрміну зняволення.

Прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, якія праводзілі маніторынг судовага паседжання, прыйшлі да высновы, што ў ходзе судовага паседжання не была даказаная віна Мікалая Статкевіча ў здзяйсненні інкрымінуемых яму дзеяў - арганізацыі масавых беспарадкаў альбо непасрэднага кіраўніцтва і ўдзелу ў іх. Судовае разбіральніцтва не адпавядала стандартам незалежнага і бесстаронняга разгляду. Праваабарончыя арганізацыі таксама выказалі нязгоду з кваліфікацыяй уладамі падзеяў,якія адбыліся 19 снежня 2010 г.,як масавых беспарадкаў, а празмернае прымяненне сілы органамі правапарадку Беларусі і рэпрэсіі, якія рушылі за гэтым,выклікалі рэзкае і адназначнае асуджэнне міжнароднай супольнасці.

Як афіцыйна зарэгістраваны ў ЦВК Беларусі кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч сапраўды неаднаразова заклікаў грамадзянаў краіны прыняць удзел у мірнай дэманстрацыі пратэсту і выказаць сваё меркаванне з нагоды мінулых выбараў прэзідэнта Беларусі і ўдзелу ў іх Аляксандра Лукашэнкі, які знаходзіцца ва ўладзе з 1994 года.

FIDH і ПЦ «Вясна» адзначаюць, што права на мірныя сходы гарантавана як Канстытуцыяй Беларусі, так і міжнароднымі нормамі права ў галіне правоў чалавека.

19 чэрвеня 2011 года Рабочая група па адвольных затрыманнях пры Савеце па правах чалавека ААН вынесла рашэнне, што пазбаўленне волі М. Статкевіча з'яўляецца адвольным і парушае арт. 9 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і арт. 9 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаванага Рэспублікай Беларусь. Рабочая група заклікала ўрад Беларусі прыняць неабходныя меры для выпраўлення сітуацыі, уключаючы неадкладнае вызваленне Статкевіча і выплату адэкватнай кампенсацыі.

Падчас адбыцця пакарання ў калоніі г. Шклова Мікалай Статкевіч неаднаразова падвяргаўся рознага кшталту дысцыплінарным спагнанням, у тым ліку змяшчаўся ў штрафны ізалятар (ШІЗА) і памяшканне камернага тыпу (ПКТ) з прычыны "злоснага парушэння рэжыму". 12 студзеня 2012 г. на закрытым паседжанні Шклоўскі раённы суд змяніў рэжым адбыцця пакарання Мікалая Статкевіча на больш строгі - тры гады турэмнага зняволення. На працягу ўсяго зняволення на Мікалая Статкевіча аказваўся ціск з патрабаваннем падпісаць прашэнне аб памілаванні, прычым з гэтай мэтай з боку адміністрацыі арганізоўваліся розныя правакацыі, у тым ліку пры выбары яго сукамернікаў.

FIDH і ПЦ «Вясна» лічаць, што пераслед Мікалая Статкевіча звязаны выключна з яго палітычнай дзейнасцю, у тым ліку з мірным ажыццяўленнем права на свабоду сходаў і меркаванняў, і мае на мэце выключна спыненне палітычнай дзейнасці Мікалая Статкевіча.

У сувязі з гэтым FIDH і Праваабарончы цэнтр "Вясна" патрабуюць ад уладаў Беларусі неадкладнага і безумоўнага вызвалення Мікалая Статкевіча, а таксама іншых палітычных зняволеных, іх поўнай рэабілітацыі з пакрыццём нанесенай шкоды.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства