Марына Адамовіч: “Мікола – сам, як сонейка”
Тры гады таму, у марозны снежаньскі вечар, кандыдат у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Мікалай Статкевіч разам з іншымі кандыдатамі браў удзел у акцыях на плошчах Кастрычніцкай і Незалежнасці ў Менску. Пасля абвяшчэння вынікаў выбараў адбыўся жорсткі разгону шматтысячнага мітынгу, Статкевіч быў заблакаваны спецназам ў аўтамабілі і затрыманы. Да суду ўтрымліваўся ў СІЗА КДБ, трымаў галадоўку. А 26 траўня 2011 г. быў вынесены прысуд: 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У калоніі Мікалаю Статкевічу стварылі невыносныя ўмовы, вымагаючы прашэнне аб памілаванні, некалькі разоў змяшчалі ў штрафны ізалятар, а 12 студзеня 2012 году на закрытым паседжанні Шклоўскі раённы суд асудзіў Статкевіча да больш строгага рэжыму ўтрымання — 3 гады зьняволення ў крытай турме. 11 студзеня 2011 года AmnestyInternational прызнала Статкевіча вязнем сумлення.
Увесь гэты час з ім поплеч, калі так можна выказацца, верная сяброўка і жонка Марына Адамовіч, якая пагадзілася ў гэты дзень адказаць на пытанні журналіста “Вясны”.
– Спадарыня Марына! Якім ў Вашым жыцці стаўся гэты дзень, 19 снежня?
– 19 снежня – дзень Святога Мікалая, святога заступніка, у тым ліку і Мікалая Статкевіча, дзень трэцяй гадавіны Плошчы, і адпаведна роўна тры гады, як ён знаходзіцца за кратамі і роўна палова тэрміну, які яму наш самы “гуманны” суд у свеце прызначыў адбываць у вязніцы. Два з гэтых гадоў ён правёў у змрочнай турме. Гэта значыць, што роўна столькі часу ён не бачыў ні травы, ні зямлі, толькі кавалачак неба за кратамі і зрэдку, а больш дакладна – з сярэдзіны красавіка да сярэдзіны кастрычніка – у куточку турэмнага дворыка крыху сонца. А ён, ён сам як сонейка…
– Ці можна казаць, што пасля 19 снежня Вашае жыццё раскалолася, падзялілася на “да” і “пасьля”. Што засталося там і што маеце зараз тут?
– Безумоўна, 19 снежня рэзка раздзяліла жыццё і няма тут чаго какетнічаць, паколькі так яно сапраўды і ёсць. У мінулым жыцці застаўся спакой, добрая ва ўсіх стасунках праца, сур’ёзная прафесійная запатрабаванасць. У гэтым жыцці – чаканне, змаганне і новы досвед, досвед, якога ў прынцыпе чалавеку не пажадаеш і не хацелася б каб людзі яго мелі…
– А што гэта за досвед?
– Ну, па-першае, гэта досвед жыцця ў чаканні, жыцця ў спадзяванні. Гэта досвед, хаця я і не люблю такія высокія словы, бясконцага змагання за свае правы, за правы тых, каго яны перш за ўсё тычацца, і досвед пільнай увагі да становішча пенітэнцыярнай сістэмы ў нашай краіне, а таксама да заканадаўства, якое рэгулюе пенітэцыярную сістэму Беларусі. Бо абсалютна не сакрэт, што ў нашых законах можна знайсці шмат рэчаў, пры выкананні якіх становішча ўсіх вязняў будзе істотна аблегчанае.
– 20 снежня яшчэ адна важная падзея ў вашым жыцці: 2 гады таму вы з Міколам пабраліся шлюбам. Гэта была фармальнасць альбо нешта большае?
– Так, у дадзеным выпадку афіцыйны,”турэмны” шлюб – абсалютная фармальнасць, у нашым жыцці гэта абсалютна нічога не памяняла… Але гэта была мажлівасць дапамагаць чалавеку, бачыць яго хаця і раз на год. Паколькі нават у гэтым нам адмаўлялі да шлюбу.
– Менавіта з-за гэтай, як вы кажаце фармальнасці, у Вас былі праблемы са стасункамі з Мікалаем Статкевічам?
– Гэтыя праблемы былі штучна створаныя толькі таму, што ў дачыненні да Міколы ўвесь час скарыстоўваецца тактыка выпаленай зямлі, тактыка гранічнага абмежавання любых кантактаў з ім.
– Ці лёгка быць жонкай такога чалавека, як Мікалай Статкевіч?
– Лёгка (смяецца). Людзі могуць быць разам толькі тады, калі яны паважаюць адзін аднаго і даюць мажлівасць самарэалізацыі адзін аднаму. Мікола заўсёды падтрымліваў усе мае памкненні і да далейшай адукацыі, і да змены працы, напрыклад, Мне здаецца, што ён мяне акрыляў. Здараецца такое ў жыцці, такі досвед я маю таксама, калі наперадзе няма нічога, цёмна, безпрасветна і змрочна, а з Міколам такога ніколі не здаралася, заўсёды здавалася што прыйдзе заўтра і будзе яшчэ цікавей, і гарызонты не закрываюцца.
– А вось калі б вярнуцца назад, у 2010 год, Вы б зрабілі нешта такое іншае, каб далейшае развіццё падзеяў у жыцці Міколы Статкевіча пайшло іншым шляхам?
– Не, абсалютна нічога б я не змяняла, нічым бы не перашкодзіла і падтрымлівала Міколу гэтак жа, як і тады, у тыя цяжкія дні. Магчыма нейкія памылкі б удалося папярэдзіць, але вельмі малаверагодна, шчыра кажучы.
– Тры гады паасобку – тэрмін немалы. Што б менавіта ў гэты дзень вы б хацелі яму данесці нешта асаблівае, што самае важнае хацелі б сказаць?
– Што я яго чакаю. Што гэта абавязкова будзе. Інакш нельга жыць, чалавек не можа сябе разбураць.
***
Кандыдат у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Мікалай Статкевіч быў узяты пад варту з 20 снежня 2010 г., асуджаны 26 траўня 2011 г. судом Ленінскага раёна г.Менску па ч. 1 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэньнем маёмасьці і узброеным супрацівам прадстаўнікам улады) да 6 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Рашэньнем суду ад 12 студзеня 2012 г. умовы адбыцця пакараньня былі змененыя на больш жорсткія, пераведзены з калоніі №17 у Шклове ў турму №4 г. Магілёва.
Фота Андрэя Дубініна, photoclub.by