Гродзенскай філіі Аб’яднанай грамадзянскай партыі ўлады адмовілі ў рэгістрацыі інфармацыйных пікетаў у абарону старой часткі горада
Як паведаміла Еўрарадыё,у адказ палітыкі збіраюцца падаваць скаргу ў суд.
Прадстаўнікі гарвыканкама спаслаліся на тое, што гродзенскі Парк імя Жылібера і стадыён, месцы, дзе АГП збіралася правесці пікеты, не адпавядаюць правядзенню мерапрыемстваў такога кшталту. Пры гэтым альтэрнатыўных пляцовак для пікетавання ўлады не прапаноўваюць.
Па словах старшыні гродзенскай АГП Юрася Істоміна, адказ чыноўнікаў - поўны абсурд. Менавіта рашэннем гродзенскага гарвыканкаму, парк Жылібера і стадыён зацверджанны як месцы для інфармацыйных пікетаў.
Тым часам у межах кампаніі “Выратуем Гародню” ад сённяшняга дня запрацаваў інфармацыйны цэнтр кампаніі. У цэнтр сцякаецца ўся інфармацыя пра падзеі вакол “рэканструкцыі”.
Як адзначае адзін з каардынатараў цэнтру Павел Мажэйка, зроблена гэта, каб спрасціць працу журналістам у атрыманні інфармацыі пра апошнія падзеі звязаныя з кампаніяй па выратаванні старой часткі Гродна.